Бэта версія

Cerca

Vatican News
Падчас запісу тэлепраекта “Ave Maria” Падчас запісу тэлепраекта “Ave Maria” 

Папа прымае ўдзел у тэлепраекце “Ave Maria”

Марыя стала благаслаўлёнай між жанчынамі, бо нарадзілася беззаганнай і была выбрана, каб стаць маці Езуса, нагадаў Папа ў новай тэлепраграме “Ave Maria”, якая выходзіць на італьянскім канале “TV2000”.

Святы Айцец радок за радком тлумачыць малітву “Вітай Марыя” ў размове з кс. Марка Поца, турэмным капеланам з Падуі. 30 кастрычніка 2018 г. вечарам у эфір выйдзе ўжо трэці выпуск перадачы, падчас якой Папа будзе казаць пра нянавісць д’ябла да Маці Божай.

У ходзе гутаркі Пантыфік звяртае ўвагу на небяспеку самаізаляцыі, абумоўленай пачуццём прыналежнасці да пэўнай эліты. “Калі кажу пра эліту, не маю на ўвазе сацыяльны клас, але ўнутранае стаўленне”, - сказаў ён, і дадаў, што антыподам пачуцця “элітарнасці” з’яўляецца свядомасць прыналежнасці да “святога Божага Народа”. Д’яблу падабаецца першы варыянт, заўважыў Пантыфік.

Францішак прызнаўся, што пазнаёміўся з Паннай Марыяй менавіта дзякуючы жанчынам: маці, бабулі і законніцы, якая рыхтавала яго да Першай св. Камуніі. Папа заўважыў таксама, што яго роднай мовай з’яўляецца п’емонцкі дыялект, бо менавіта на ім размаўлялі дома.

Трэйлер трэцяй серыі праграмы “Ave Maria”

Праграма “Ave Maria” была падрыхтавана тэлеканалам “TV2000”, які належыць Канферэнцыі Біскупаў Італіі, у супрацоўніцтве з ватыканскай Дыкастэрыяй па камунікацыі. Апрача Папы, у кожным выпуску сваімі сведчаннямі дзеляцца дзве розныя жанчыны: адна з іх – нейкая знакамітасць, другая – звычайная маці. У сённяшняй перадачы выступяць: Крысціяна Капатодзі, італьянская актрыса, і Даніэла Мандзіці – маці, якая раскрыла паліцыі месца знаходжання свайго сына, што хаваўся ад правасуддзя.

З адказаў Францішка ў рамках праграмы “Ave Maria” таксама нарадзілася аднайменная кніга. Яе ўжо можна набыць у Італіі.

Гэта другі такога роду праект для Святога Айца. Год таму на тым жа тэлеканале “TV2000” выходзіла праграма “Padre Nostro” (Ойча наш), у якой Папа тлумачыў значэнне галоўнай хрысціянскай малітвы. Яе вядучым быў таксама кс. Марка Поца, а вынікам, як і зараз, стала адмысловая кніга з разважаннямі Францішка.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 кастрычніка 2018, 12:03