Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з членамі Амерыканскага Біблійнага Таварыства Папа падчас сустрэчы з членамі Амерыканскага Біблійнага Таварыства  (Vatican Media)

Святы Айцец: Божае слова ламае нашы схемы

Божае слова нясе штосьці новае, не паддаецца нашым прагнозам і часта ламае нашыя схемы, адзначыў Папа падчас аўдыенцыі для членаў Амерыканскага Біблійнага Таварыства, якая прайшла 31 кастрычніка 2018 г.

“Божае слова мае сілу, каб перамяняць жыццё, таму што з’яўляецца “жывым, плённым і больш вострым за любы двухбаковавостры меч”, - сказаў Францішак, звяртаючыся да сваіх гасцей, якія прыбылі ў Рым з нагоды штогадовых духоўных практыкаванняў.

Пантыфік зазначыў, што менавіта праз слова Бог стварыў сусвет, а Езус ажыўляў сэрцы, якія пераставалі біцца. Божае слова не вяртаецца без плёну, не споўнішы тое, для чаго Бог нам яго дае, дадаў Папа.

“Жадаю вам заўсёды прымаць Біблію ва ўсёй яе каштоўнай унікальнасці: як слова – прасякнутае Святым Духам, даўцам жыцця, – што перадае нам Езуса, Які сам з’яўляецца жыццём, і таму робіць плённым наша жыццё. Ніводная іншая кніга не мае гэтай сілы”

, - сказаў ён.

Святы Айцец падкрэсліў, што Божае слова з’яўляецца вострым: нясучы суцяшэнне Пана, яно як меч пранікае ў самую глыбіню і памяшчае ў сэрца чалавека жыццядайны неспакой.

“Два вострыя бакі гэтага мяча у пэўны момант могуць зрабіць балюча, але на самой справе, гэта ласка, бо ён адразае тое, што аддаляе ад Бога і любові”

, - дадаў Францішак.

Папа звярнуў увагу таксама на тое, што Божае слова дапамагае распазнаваць думкі і пачуцці, вядзе да праўды, рассейвае фальш і двухсэнсоўнасць, скіроўваючы жыццё ў напрамку Бога.

“Божае слова, насамрэч, заўсёды нясе штосьці новае, яно няўлоўнае, заўсёды ўцякае ад нашых прагнозаў і часта ламае нашыя схемы”, - сказаў Святы Айцец і заклікаў членаў Амерыканскага Біблійнага Таварыства дазволіць Божаму слову ператварыць сябе ў сведкаў Езуса і прапаведнікаў Яго Добрай весткі.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 кастрычніка 2018, 12:54