“Сёння, у свята Маці Божай Ружанцовай, асабліва вітаю вернікаў, якія сабраліся ў санктуарыі ў Пампеях на традыцыйную малітву, якую з гэтай нагоды ўзначаліў кардынал Марыё Дзэнары, Апостальскі нунцый у Сірыі. Зноў заклікаю маліцца на Ружанцы кожны дзень на працягу кастрычніка, завяршаючы яго антыфонай “Тваёй абароне” і малітвай да св. Міхала Арханёла, каб адбіць напады д’ябла, які жадае раздзяліць Касцёл”, - сказаў Папа.
Кастрычнік – месяц, прысвечаны ў Каталіцкім Касцёле ружанцовай малітве. Яна спалучаная з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса Хрыста і Панны Марыі, што ўтвараюць чатыры часткі Ружанца – радасныя, балесныя, хвалебныя таямніцы і таямніцы святла.
