Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: без мар пажылых праекты моладзі пазбаўлены мудрасці

Калі спісваем ва ўтыль пажылых людзей, адмаўляемся ад рэсурсу мудрасці, заўважыў Папа ў прадмове да кнігі “Sharing the Wisdom of Time / La saggezza del tempo” (Дзяліцца мудрасцю часу)”.

Выданне, якое з’явілася на паліцах кнігарняў у ЗША і Італіі, утрымлівае 250 сведчанняў асоб з больш чым 30 краін свету. Яны апублікаваны ў форме інтэрв’ю. Іх каментуе сам Папа ў дыялогу з галоўным рэдактарам часопіса “La Civiltà Cattolica”, кс. Антоніа Спадара.

У прадмове Францішак зазначыў, што ў імкненні пазбавіцца страху перад слабасцю і ўразлівасцю, людзі часта імкнуцца схаваць з вачэй пажылых асоб. Аднак, старэйшае пакаленне заслугоўвае ўдзячнасці; пажылым трэба дапамагчы адчуць сябе актыўнай часткай грамадства. Яны могуць аказаць істотную падтрымку сучаснаму грамадству праз сваё сведчанне веры і дапамогу моладзі ў пошуку сэнсу жыцця. “Гэта місія дзядуль і бабуль”, - перакананы Святы Айцец.

“Я ведаю гэта па ўласным досведзе. Да сённяшняга дня я пастаянна захоўваю ў маім брэвіярыі словы, якія мая бабуля Роза напісала ў дзень майго прэзбітэрскага пасвячэння. Я часта іх чытаю і гэта мяне падтрымлівае”, - прызнаўся Пантыфік.

Святы Айцец лічыць, што неабходна стварыць такія ўмовы, пры якіх пажылыя асобы будуць мець магчымасць марыць і дзяліцца сваімі марамі, каб натхняць людзей маладога ўзросту і даваць ім надзею на будучыню.

“Без мар пажылых людзей праекты моладзі пазбаўлены каранёў і мудрасці. Гэта як ніколі актуальна ў наш час, калі перад абліччам будучыні ўзнікае трывога, няўпэўненасць, недавер і страх. Толькі сведчанне пажылых людзей дапаможа моладзі ўзняць позірк да гарызонту і іншага чалавека, каб убачыць зоркі”, - перакананы Папа.

“[Ужо само веданне пра тое, што было магчыма весці барацьбу за штосьці вартае, дапаможа моладзі змагацца за будучыню]”

- дадаў ён.

Францішак заклікаў усіх бабуль і дзядуль утварыць “пастаянны хор вялікага духоўнага санктуарыя, дзе малітва і спеў праслаўлення падтрымліваюць супольнасць”, а таксама супрацьстаяць сучаснай “культуры адчужэння”.

“Мы, пажылыя людзі, можам узносіць падзяку Пану за шматлікія ласкі, якія атрымалі, і запаўняць пустату няўдзячнасці, якая нас акружае. І не толькі гэта: мы можам надаць годнасць памяці і ахвярам мінуўшчыны. Мы можам нагадаць маладым людзям, якія адчуваюць сябе героямі нашага часу, поўным амбіцый і няўпэўненасці, што жыццё без любові – бясплоднае”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“[Мы можам навучыць моладзь, празмерна закаханую ў сябе, што больш радасці ў тым, каб даваць, чым браць, што любоў дэманструецца не толькі на словах, але праз учынкі]”

- сцвердзіў Папа.

Пантыфік заклікаў таксама і моладзь, каб слухала пажылых людзей, палымнела надзеяй, была здольнай на гераічныя ўчынкі, мела дух “здаровай утопіі”, які дапаможа знайсці сілы дзеля будавання лепшай будучыні.
 

25 кастрычніка 2018, 12:20