Францішак падчас сустрэчы з Мітрапалітам Іларыёнам Францішак падчас сустрэчы з Мітрапалітам Іларыёнам 

Маскоўскі Патрыярхат выходзіць з каталіцка-праваслаўнай камісіі

19 кастрычніка 2018 г. папа Францішак прыняў у ватыканскім Апостальскім палацы старшыню Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, Мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна.

Напярэдадні іерарх узяў удзел у пленарнай сесіі XV Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў і звярнуўся да яе ўдзельнікаў з прамовай. Як паведамляецца на афіцыйным сайце Рускай Праваслаўнай Царквы, Пантыфік сардэчна падзякаваў Мітрапаліту Іларыёну за выступленне. У сваю чаргу, ён перадаў Францішку словы прывітання Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

Старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў паінфармаваў Святога Айца, што Руская Праваслаўная Царква прыпыняе ўдзел у працы Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Гэта звязана з сітуацыяй, якая склалася ва ўзаемаадносінах Маскоўскага і Канстантынопальскага Патрыярхатаў. Мітрапаліт Іларыён агучыў пазіцыю сваёй Царквы ў гэтым пытанні і перадаў Папу тэкст заявы, прынятай на пасяджэнні Сінода ў Мінску.

Тым не менш, як падкрэсліў іерарх, двухбаковыя кантакты паміж Рыма-Каталіцкім Касцёлам і Рускай Праваслаўнай Царквой будуць і далей развівацца.

У ходзе сустрэчы Пантыфік і праваслаўны іерарх абмеркавалі таксама актуальныя пытанні каталіцка-праваслаўных узаемаадносін.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 кастрычніка 2018, 11:22