Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане  (AFP or licensors)

Францішак пра Шостую запаведзь: з любоўю не жартуюць

Без вернасці чалавечыя адносіны не могуць лічыцца сапраўднымі, адзначыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 24 кастрычніка 2018 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных Дэкалогу, Францішак засяродзіў сваю ўвагу на шостай запаведзі: “Не чужалож”. Ён падкрэсліў, што нельга любіць чалавека толькі пакуль гэта “выгадна”, бо любоў праяўляецца менавіта тады, калі выходзіць за рамкі пошуку карысці для сябе.

Святы Айцец спаслаўся на Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, які сцвярджае: “Любоў павінна быць пастаяннай. Яна не можа быць “часовай”. “Вернасць – гэта рыса свабодных, сталых, адказных чалавечых адносін”, неад’емная рыса сяброўства.

Сапраўдную любоў, паводле Папы, аб’яўляе Хрыстус, “Які жыве бязмежнай любоўю Айца, і ў сілу гэтага з’яўляецца верным Сябрам, Які нас прымае, таксама і калі мы памыляемся, і заўсёды жадае нам дабра, нават калі мы гэтага не заслугоўваем”.

“Чалавек мае патрэбу ў безумоўнай любові. А хто не сустракае такога стаўлення, носіць у сабе пэўную нерэалізаванасць, часта не ведаючы пра гэта. Чалавечае сэрца імкнецца запоўніць гэту пустату сурагатамі, пагаджаючыся на кампрамісы і пасрэднасць, якія маюць толькі цьмяны водар любові”, - сказаў Папа.

“Рызыка заключаецца ў тым, каб называць “любоўю” часовыя і нясталыя адносіны, падманваючы сябе, што святло жыцця знойдзена ў тым, што ў лепшым выпадку з’яўляецца толькі яго водбліскам”

- дадаў ён.

Францішак звярнуў увагу на небяспеку, звязаную з пераацэньваннем фізічнай прывабнасці, якая, “сама па сабе з’яўляецца Божым дарам, але паклікана падрыхтаваць шлях для сапраўдных і верных адносін з асобай”. Ён нагадаў заклік св. Яна Паўла ІІ, каб кожны чалавек вучыўся сапраўднай вартасці цела.

Святы Айцец зазначыў, што пакліканне да сужэнскага жыцця патрабуе глыбокага распазнання якасці адносін, а таксама часу на падрыхтоўку, што дапаможа выпрабаваць сапраўднасць пачуццяў. Заручаныя павінны ўсё больш і больш усведамляць, што іх повязь знаходзіцца ў руках Божых, лічыць Пантыфік.

“Яны не могуць паабяцаць адно аднаму вернасць“у шчасці і няшчасці, у здароўі і хваробе”, а таксама любоў і пашану ва ўсе дні жыцця свайго, толькі на падставе добрай волі і спадзявання на тое, што “ўсё атрымаецца”. Яны павінны грунтавацца на моцным падмурку вернай Любові Бога”

- сказаў Папа.

“Таму перад заключэннем сакрамэнту сужэнства патрэбна старанная падрыхтоўка. Я б назваў яе “катэхуменатам”, бо на кон пастаўлена ўсё жыццё ў любові, а з любоўю не жартуюць. Нельга абмежаваць “падрыхтоўку да сужэнства” трыма ці чатырма заняткамі ў парафіі. Не! Гэта не падрыхтоўка, а фікцыя! Адказнасць за гэта ляжыць на пробашчы ці біскупе, які дае згоду на падобныя рэчы. Падрыхтоўка павінна быць сталай і расцягнутай у часе. Гаворка ідзе не пра фармальны акт, а пра сакрамэнт. Да яго трэба рыхтавацца праз сапраўдны катэхуменат”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заўважыў, што існуе шмат форм чужалоства, ад якіх можа выратаваць захаванне Шостай запаведзі. Вернасць, дадаў ён, з’яўляецца ладам жыцця і праяўляецца ва ўсіх учынках, словах і думках чалавека.

“Але, каб дасягнуць такога цудоўнага жыцця, не дастаткова нашай чалавечай прыроды – трэба, каб вернасць Бога ўвайшла ў наша жыццё, каб “заразіла” нас. Шостая запаведзь кліча нас скіраваць позірк на Хрыста, Які сваёй вернасцю можа пазбавіць нас сэрца, схільнага да чужалоства, і падарыць нам сэрца вернае. У Ім, і толькі ў Ім, ёсць любоў без агаворак і ваганняў, ёсць поўны дар без умоў і імкненне прымаць аж да канца”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што крыніца вернасці знаходзіцца ў смерці і ўваскрасенні Хрыста, а пастаянства ў адносінах – у Яго безумоўнай любові. “Ад еднасці з Ім, з Айцом і Святым Духам паходзіць еднасць паміж намі і здольнасць жыць вернасцю ў нашых адносінах”, - сказаў Пантыфік на заканчэнне сваёй катэхезы.

Рэпартаж з папскай аўдыенцыі
Навіна ў фармаце аўдыё
24 кастрычніка 2018, 12:03