Пошук

Vatican News
Папа падчас аўдыенцыі для сальвадорскіх пілігрымаў Папа падчас аўдыенцыі для сальвадорскіх пілігрымаў  (ANSA)

Францішак: пасланне арцыбіскупа Рамэра адрасавана ўсім

Св. Оскар Рамэра стаў дасканалым уцелаўленнем вобразу Добрага Пастыра, які аддае сваё жыццё за авечак, падкрэсліў Францішак падчас сустрэчы з пілігрымамі з Сальвадора.

Аўдыенцыя прайшла 15 кастрычніка 2018 г. у ватыканскай Зале Паўла VI. Вялікая сальвадорская дэлегацыя прымала ўдзел у кананізацыі свайго знакамітага суайчынніка, якую Папа правёў днём раней.

Пантыфік зазначыў, што арцыбіскуп Рамэра быў пастырам, які бачыў бясконцую міласэрнасць Бога і бясконцую мізэрнасць чалавека. Па яго прыкладзе, трэба “выходзіць насустрач бязмежнаму жаданню Бога прабачаць тых, хто каецца” і “адкрываць сэрцы братоў і сясцёр на ласкавасць Божай любові, у тым ліку праз прароцкае асуджэнне зла, што існуе ў свеце”, падкрэсліў Святы Айцец.

Паводле слоў Папы, пасланне арцыбіскупа Рамэра адрасавана ўсім без выключэння. Яно кажа, што “кожны католік павінен быць мучанікам”, бо мучанік значыць сведка Божага паслання перад людзьмі.

“[Бог прагне прысутнічаць у нашым жыцці і заклікае нас абвяшчаць Яго пасланне свабоды ўсяму чалавецтву. Толькі ў Ім мы можам быць свабоднымі: свабоднымі ад граху, ад зла, ад нянавісці ў нашых сэрцах, свабоднымі ў любові і прыняцці Пана і нашых братоў і сясцёр]”

, - сцвердзіў Пантыфік.

Ён дадаў, што для выканання гэтага нялёгкага задання абавязкова трэба чэрпаць падтрымку з малітвы.

“Мы павінны быць паяднанымі з Богам з знаходзіцца ў еднасці з Касцёлам. Св. Оскар кажа нам, што без Бога і без таямніцы Касцёла, гэта немагчыма. Пры адной нагодзе ён казаў пра канфірмацыю, як пра “сакрамэнт мучанікаў”, - нагадаў Папа.

Францішак прывітаў увесь народ Сальвадора, які захаваў “жывую веру”, нягледзячы на пакуты, выкліканыя падзеламі і вайной. “Памяць пра св. Оскара Рамэра – гэта выдатная нагода, каб скіраваць пасланне супакою і прымірэння да ўсіх народаў Лацінскай Амерыкі”, - сказаў ён на заканчэнне свайго звароту.

Арцыбіскуп Сан-Сальвадора Оскар Арнульфа Рамэра-і-Гальдамес вядомы як мужны пастыр і абаронца бедных. Ён быў беатыфікаваны ў маі 2015 г. у горадзе Сан-Сальвадор, дзе выконваў сваё пастырскае служэнне і дзе быў забіты з нянавісці да веры падчас св. Імшы, якую цэлебраваў у мясцовым шпіталі.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 кастрычніка 2018, 11:27