Бэта версія

Cerca

Vatican News
Падчас выступлення Папы ў Сінадальным зале Падчас выступлення Папы ў Сінадальным зале  (AFP or licensors)

Францішак спадзяецца, што Сінод паспрыяе сустрэчы пакаленняў

Плёнам Сінода павінен стаць не толькі Выніковы дакумент, які чытаюць адзінкі, а крытыкуюць многія, але канкрэтныя душпастырскія прапановы на карысць моладзі, сказаў Папа на адкрыццё Асамблеі.

Першае пасяджэнне прайшло 3 кастрычніка 2018 г. вечарам у Ватыкане. Ва ўступным слове Пантыфік падзякаваў маладым людзям за гарачае жаданне адчуваць сябе часткай Касцёла і весці дыялог з ім; за імкненне бачыць у Касцёле Маці, Настаўніцу, дом і сям’ю, здольную, нягледзячы на чалавечыя слабасці і цяжкасці, выпраменьваць і перадаваць нязменнае пасланне Хрыста; за трыванне ў лодцы Касцёла, які, пасярод бязлітасных бураў свету, прапануе ўсім прытулак і гасціннасць. “Ваш удзел напаўняе нас радасцю і надзеяй”, - звярнуўся ён да маладых аўдытараў і экспертаў.

Францішак зазначыў, што Сінод Біскупаў з’яўляецца “момантам дзялення”, таму заклікаў усіх яго ўдзельнікаў выказвацца без страху, спалучаючы свабоду, праўду і любоў.

“Толькі дыялог дапаможа нашаму росту. Шчырая і празрыстая крытыка з’яўляецца канструктыўнай і дапаможнай. У той жа час, гэтага не зробяць непатрэбныя плёткі, чуткі, домыслы ці забабоны”

, - сказаў ён.

Паводле Папы, “адвазе выказвання павінна адпавядаць пакора слухання”. Ён заклікаў больш уважліва слухаць людзей, меркаванне якіх не падабаецца, “бо кожны мае права быць пачутым, як і кожны мае права выказвацца”.

“Сінод павінен быць практыкаваннем у дыялогу, асабліва паміж тымі, хто ў ім удзельнічае. І першым плёнам гэтага дыялогу з’яўляецца адкрытасць кожнага на новае, на змену ўласнага меркавання, дзякуючы пачутаму ад іншых. Гэта важна для Сінода”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа пажадаў, каб Сінод стаў “касцёльным практыкаваннем у праніклівасці”. Праніклівасць – гэта не “рэкламны слоган”, не “арганізацыйная тэхніка” і нават “не мода гэтага пантыфікату”, але ўнутранае стаўленне, укаранёнае ў акце веры, сказаў Папа. Ён прапанаваў, для лепшага распазнання, пасля кожных пяці выступленняў, у сінадальным зале наступала некалькі хвілін цішыні. “Мы – знак Касцёла, які слухае і крочыць”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Касцёл, які не слухае і дэманструе закрытасць на ўсё новае, закрытасць на нечаканасці Бога, не можа быць пераканаўчым, асабліва для моладзі, якая будзе непазбежна аддаляцца ад яго, замест таго, каб набліжацца”

, - дадаў ён.

Францішак заклікаў пераадольваць стэрэатыпы і забабоны. Трэба перастаць недаацэньваць патэнцыял моладзі і асуджаць яе. Маладыя людзі, у сваю чаргу, павінны прыслухоўвацца да старэйшых і не лічыць іх парады нечым састарэлым.

Папа заўважыў, што на Сінодзе не павінна быць праяў клерыкалізму, калі святарства разумеецца ў якасці ўлады, а не служэння. “Клерыкалізм – гэта скажэнне і крыніца шматлікіх бед Касцёла, за якія мы павінны пакорна прасіць прабачэння і ствараць умовы, каб яны больш не паўтарыліся”, - заўважыў ён.

Святы Айцец пажадаў, каб Сінод, які будзе праходзіць да 28 кастрычніка, абудзіў сэрцы, паспрыяў сустрэчы паміж пакаленнямі.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 кастрычніка 2018, 17:07