Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак з ідэяй праекта на карысць яднання пакаленняў

Святы Айцец правядзе сустрэчу з моладдзю і пажылымі людзьмі. Яна адбудзецца 23 кастрычніка 2018 г. у Патрыстычным інстытуце “Аўгустыніянум” у Рыме ў рамках Сінода Біскупаў.

Падчас форума будзе прадстаўлена кніга “Sharing the Wisdom of Time / La saggezza del tempo” (Дзяліцца мудрасцю часу), а таксама звязаны з ёй міжнародны праект, прысвечаны паглыбленню адносін паміж пакаленнямі. І кніга, і ініцыятыва з’яўляюцца ідэяй Францішка.

У выданні, якое ўбачыць свет адначасова ў ЗША і Італіі, утрымліваецца 250 сведчанняў асоб з больш чым 30 краін свету. Яны апублікаваны ў форме інтэрв’ю. Іх каментуе сам Папа ў дыялогу з галоўным рэдактарам старэйшага італьянскага каталіцкага часопіса “La Civiltà Cattolica”, кс. Антоніа Спадара.

Францішак усё часцей кажа, што свет павінен надаваць большую ўвагу пажылым людзям. Таму ён выказаў пажаданне, каб выйшла кніга, у якой прадстаўнікі старэйшага пакалення маглі б падзяліцца мудрасцю і даць парады моладзі. На старонках выдання Святы Айцец дзеліцца і сваім уласным досведам, кажучы пра сітуацыі, якія практычна кожны чалавек сустракае ў жыцці.

“Аб чым я прашу пажылых людзей? Мы, дзядулі і бабулі, павінны сфарміраваць хор. Я бачу нас, пажылых людзей, у якасці пастаяннага хору вялікага духоўнага санктуарыя, дзе малітва і спеў праслаўлення падтрымліваюць супольнасць, што працуе і вядзе барацьбу на “полі” жыцця. Я прашу іх таксама дзейнічаць! Мець мужнасць, каб змагацца з “культурай адчужэння”, якая нам навязваецца”, - піша на старонках кнігі Папа.

Адначасова ён заклікае моладзь, каб слухала пажылых людзей, палымнела надзеяй, была здольнай на гераічныя ўчынкі, мела дух здаровай утопіі, які дапаможа знайсці сілы дзеля будавання лепшай будучыні.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 кастрычніка 2018, 13:15