Пошук

Францішак падчас св. Імшы на заканчэнне Сінода Біскупаў Францішак падчас св. Імшы на заканчэнне Сінода Біскупаў 

Папа ўзначаліў Імшу на завяршэнне Сінода Біскупаў

Неабходна слухаць, станавіцца блізкімі і даваць сведчанне, каб суправаджаць моладзь на шляху веры, падкрэсліў Папа падчас Імшы, якую цэлебраваў 28 кастрычніка 2018 г. на завяршэнне Сінода Біскупаў.

У гаміліі Францішак спаслаўся на евангельскае літургічнае чытанне, у якім апавядаецца як Езус вярнуў зрок сляпому жабраку Бартымею (Мк 10, 46-52). Папа зазначыў, што Евангелле называе яго “сынам Тымея”, але яго бацькі не было побач. Сляпы быў нелюбімы, пакінуты і не меў нікога, хто б яго выслухаў. Але Езус пачуў яго крык, а калі падышоў да яго, дазволіў прамаўляць.

“Езус не спяшаецца. Ён вылучае час на тое, каб слухаць. Вось першы крок, каб дапамагчы на шляху веры: слухаць. Апостальства вуха: слухаць, перш чым казаць”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заўважыў, што некаторыя вучні Езуса прымушалі Бартымея змоўкнуць. Ён быў перашкодай на іх шляху; быў “не прадугледжаны праграмай”; яны аддавалі перавагу ўласнаму тэмпу, а не тэмпу Езуса; ішлі за Панам, але мелі ў галаве ўласныя праекты.

“Як важна для нас слухаць жыццё! Сыны Нябеснага Айца слухаюць братоў: не непатрэбныя плёткі, але патрэбы бліжняга. Слухаць з любоўю, цярплівасцю, як Бог робіць у адносінах да нас, да нашых малітваў, якія часта паўтараем. Бог ніколі не стамляецца, заўсёды радуецца, калі шукаем Яго”, - сказаў Папа.

“[Хачу сказаць моладзі ад імя ўсіх нас, дарослых: прабачце, калі мы часта не выслухоўваем вас; калі мы, замест таго, каб адкрыць на вас сэрца, запаўняем вам вушы]”

, - сцвердзіў Пантыфік.

“Як Касцёл Езуса, мы прагнем слухаць вас з любоўю, з упэўненасцю ў дзвюх рэчах: што ваша жыццё каштоўнае для Бога, таму што Бог – малады і любіць моладзь; і што ваша жыццё каштоўнае таксама для нас. Больш за тое, яно неабходнае, каб ісці далей”, - сказаў Папа.

Зноў спасылаючыся на евангельскае апавяданне пра Бартымея, Францішак зазначыў, што Касцёл пакліканы станавіцца блізкім да моладзі, каб суправаджаць яе на шляху веры. Езус не “дэлегаваў” нікога, каб дапамагчы сляпому, але сустрэўся з ім асабіста і ўвайшоў у яго сітуацыю, падкрэсліў ён.

“Вера праходзіць праз жыццё. Калі вера канцэнтруецца выключна на дактрынальных фармуліроўках, рызыкуе прамаўляць толькі да розуму, не закранаючы сэрца. І калі канцэнтруецца толькі на тым, што трэба рабіць, рызыкуе ператварыцца ў маралізарства і звесціся да сацыяльных аспектаў. Аднак вера – гэта жыццё. Гэта жыццё Божай любоўю, якая змяніла тваё існаванне”, - сказаў Папа.

“[Мы не можам быць “дактрыналістамі” або “актывістамі”; мы пакліканы спаўняць Божыя справы па-божаму, праз блізкасць: злучаныя з Ім, ў еднасці паміж намі, блізкія да братоў. Блізкасць: вось таямніца, каб перадаць сутнасць веры, а не нейкі другасны аспект]”

, - дадаў ён. 

Паводле Францішка, блізкасць і нясенне Добрай весткі ў жыццё братоў, гэта “супрацьяддзе” ад спакусы “гатовых рэцэптаў”. Важна выходзіць за межы сваіх суполак і не баяцца “запэцкаць рукі”. Трэба паглядзець на крыж і ўзгадаць, што Бог першы схіліўся над намі і стаў блізкім да нас, грэшнікаў.

“А калі, дзеля Божай любові, таксама і мы станем блізкімі, тады ператворымся ў носьбітаў новага жыцця: не настаўнікаў усіх, не экспертаў у сакральных пытаннях, але сведкаў любові, якая збаўляе”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што трэцім крокам у суправаджэнні на шляху веры павінна быць сведчанне. Важна выходзіць насустрач патрабуючым, несучы ім не саміх сябе, а Езуса Хрыста. “Як часта людзі адчуваюць цяжар нашых структур, а не сяброўскую прысутнасць Езуса”, - з жалем падкрэсліў Папа і дадаў, што жыццёвае сведчанне нашмат эфектыўней, чым прапаведванне толькі на словах.

“Усім вам, якія ўдзельнічалі ў гэтым “супольнымі пілігрымаванні”, кажу дзякуй за ваша сведчанне. Мы працавалі ў еднасці і з шчырасцю, з жаданнем служыць Богу і Яго народу. Няхай Пан благаславіць нашыя крокі, каб маглі слухаць моладзь, станавіцца блізкімі і сведчыць перад імі аб радасці наша жыцця: Езусе”, - пажадаў Святы Айцец на заканчэнне сваёй гаміліі.

Рэпартаж аб св. Імшы на заканчэнне Сінода Біскупаў
Навіна ў фармаце аўдыё
28 кастрычніка 2018, 10:55