Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Папа да кансэкраваных удоваў: быць побач з малымі і беднымі

Францішак сустрэўся з удзельніцамі Міжнароднага кангрэсу кансэкраваных удоваў – жанчын, якія пасля смерці сваіх мужоў, цалкам прысвяцілі сябе служэнню Богу і бліжнім.

Аўдыенцыя адбылася 6 верасня 2018 г. у Зале Кансісторыяў ватыканскага Апостальскага палацу. На самым яе пачатку Святы Айцец прывітаў членаў двух аб’яднанняў кансэкраваных удоваў: “Fraternité Notre Dame de la Résurrection” (Таварыства Маці Божай Уваскрасення) і “Communauté Anne la Prophetesse” (Супольнасць св. Ганны Прарочыцы).

“[Асабіста спазнаўшы бездапаможнасць, клапаціцеся пра тое, каб быць побач з малымі і беднымі, дэманструючы ім пяшчотнасць Бога і яго блізкасць у любові]”

- заклікаў сваіх госцей Папа.

Пантыфік заўважыў, што ўдаўство з’яўляецца “асабліва складаным досведам” і выказаў удзячнасць тым, хто пасля смерці свайго сужонка, вырашыўся “распазнаць спецыяльнае пакліканне Пана”, “наследуючы Хрыста ў чыстасці, паслухмянасці і убогасці”.

“[Праз вашу кансэкрацыю вы пацвярджаеце, што з Божай ласкай, а таксама падтрымкай і суправаджэннем служыцеляў і іншых членаў Касцёла, магчыма жыць евангельскімі парадамі, спаўняючы сямейныя, прафесійныя і грамадсткія абавязкі]”

- сказаў Францішак.

Святы Айцец зазначыў, што кожны ахрышчаны, падперазаны міласэрнай любоўю Пана, пакліканы прайсці “шлях жыцця і святасці, які дазваляе нам пераадолець выпрабаванні і перарадзіцца да надзеі і радасці Евангелля”. Менавіта ў сэрцы з Панам, слухаючы Яго слова”, магчыма чэрпаць “адвагу і вытрываласць”, каб прыносіць сябе ў дар.

“Бог можа дзейнічаць у любых абставінах, нават пасярод уяўных паразаў”, падкрэсліў Францішак і заклікаў кансэкраваных удоваў быць “закваскай у гэтым свеце, святлом для тых, хто крочыць у цемры і ценю смерці”.

Рэпартаж аб аўдыенцыі для кансэкраваных удоваў
Навіна ў фармаце аўдыё


 

06 верасня 2018, 12:24