Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: Бог і гісторыя пытаюцца нас праз моладзь

Слухаць жывыя галасы маладых людзей – гэта надзённая неабходнасць, нават калі яны гучаць “крытычна і трывожна”, звярнуў увагу Францішак у прадмове да кнігі, прымеркаванай да хуткага Сіноду Біскупаў.

Выданне пад рэдакцыяй Марка Папаларда “Дарагі біскуп: 100 маладых людзей пішуць, а біскупы адказваюць” мае 160 старонак.

Святы Айцец заўважыў, што ў Касцёла і асабіста яго існуе жаданне максімальна дапамагчы моладзі і суправаджаць яе. Маладыя людзі павінны быць больш актыўнымі ўдзельнікамі і лідэрамі грамадскага і касцёльнага жыцця.

Акрамя таго, адзначыў Францішак, шмат гаворыцца пра беспрацоўе, апалітычнасць, нерэлігійнасць маладога пакалення, што ў канчатковым выніку заўсёды вядзе да ўспрыняцця моладзі як праблемы, я не рэсурсу. На думку Пантыфіка, трэба пытацца і цікавіцца, што з’яўляецца прычынай гэтых з’яў.

“Я быў вельмі ўзрушаны заклікам маладых людзей, якія просяць дарослых быць побач і дапамагаць ім у важных рашэннях. Для мяне пераканаўчымі з’яўляюцца адказы біскупаў і іх пакорлівая гатоўнасць слухаць усіх, без выключэння, каб лепш зразумець, што Бог і гісторыя пытаюцца нас праз іх”, - напісаў Папа.

Тут не дастатковыя “запыты, канферэнцыі, кнігі”. Гаворка ідзе пра пераадоленне “бяспечнай адлегласці” паміж моладдзю і дарослымі. І калі невялікая група біскупаў адважылася адказаць на пытанні ста маладых людзей, якія мелі смеласць сказаць, што яны думаюць, то нашмат большы эфект будзе, калі ўсе падтрымаюць такое стаўленне. Гэта дапаможа пабудаваць супольнасць, якая жыве ў дыялогу і дзейнічае разам з мужнасцю і празрыстасцю, лічыць Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 верасня 2018, 12:20