Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пасланне Папы на Дзень малітвы аб ахове стварэння

Неабходна мець позірк, які выходзіць па-за тое, што кароткачасовае, адзначыў Папа ў пасланні на Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, якое было апублікавана 1 верасня 2018 г.

Напачатку дакумента Святы Айцец падзякаваў за шматлікія ініцыятывы, накіраваныя на садзейнічанне вывучэнню і абароне экасістэм, за намаганні, накіраваныя на развіццё больш устойлівай сельскай гаспадаркі і больш адказнага харчавання, за разнастайныя адукацыйныя, духоўныя і літургічныя ініцыятывы, якія заахвочваюць да клопату аб стварэнні шматлікіх хрысціян ва ўсім свеце. У той жа час ён звярнуў увагу на праблемы ў сферы экалогіі.

“[Мы павінны прызнаць тое, што не здолелі адказна абараніць стварэнне. Экалагічная сітуацыя, як на глабальным узроўні, таксама і ў многіх канкрэтных месцах, не можа лічыцца задавальняючай]”

- заўважыў Пантыфік.

Паводле яго слоў, вельмі слушна з’явілася патрэба ў абноўленых і здаровых адносінах паміж чалавецтвам і стварэннем, перакананне, што толькі аўтэнтычнае і цэласнае бачанне чалавека дазволіць нам лепш клапаціцца аб нашай планеце дзеля дабра цяперашніх і будучых пакаленняў, таму што “няма экалогіі без адпаведнай антрапалогіі”.

У сёлетні Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння Францішак звярнуў асаблівую ўвагу на пытанне вады, “вельмі простага і каштоўнага элементу, атрымаць доступ да якога для многіх людзей складана, калі нават зусім немагчыма”.

Папа нагадаў, што доступ да пітной і бяспечнай вады з’яўляецца істотным, фундаментальным і паўсюдным правам чалавека, бо вызначае выжыванне асобаў і карыстанне імі з іншых правоў. Акрамя таго, вада “заахвочвае да разважання аб нашым паходжанні”. “Цела чалавека складаецца пераважна з вады; і многія цывілізацыі на працягу гісторыі ўзнікалі ў блізкасці ад буйных вадаёмаў, якія вызначалі іх тоеснасць”, - нагадаў ён.

Думаючы аб фундаментальнай ролі вады ў стварэнні і развіцці чалавека, Папа выказаў жаданне падзякаваць Богу за “сястру ваду”, простую і карысную, як нішто іншае для жыцця на планеце, і таму, патрабуючае неадкладнай абароны.

“[Сёння, больш чым калі-небудзь, нам патрэбны позірк, які выходзіць па-за тое, што кароткачасовае, па-за “ўтылітарны крытэрый эфектыўнасці і прадуктыўнасці для індывідуальнай карысці”]”

- заўважыў Святы Айцец

Паводле Пантыфіка, існуе тэрміновая патрэба ў сумесных праектах і канкрэтных жэстах, “з улікам таго, што любая прыватызацыя натуральных водных рэсурсаў за кошт права чалавека мець доступ да іх – непрымальная”.

Папа заўважыў, што для хрысціян вада з’яўляецца важным элементам ачышчэння і жыцця. Сам Езус абяцаў ваду, якая можа назаўсёды спатоліць прагу чалавека, а паміраючы на крыжы, сказаў: “Прагну”.

“[Пан усё яшчэ просіць, каб Яго напаілі, прагне любові. Ён просіць нас, каб далі Яму піць у многіх сучасных спрагнёных, каб потым сказаць нам: “Прагнуў, і вы напаілі Мяне”]”

- напісаў Пантыфік.

Звяртаючы ўвагу на сітуацыю мораў і акіянаў, Папа заклікаў да ўдзячнасці Стварыцелю за велічны і цудоўны дар вялікіх водаў і таго, што ў іх знаходзіцца, а таксама да праслаўлення Яго за тое, што пакрыў зямлю акіянамі.

“Скіраванне нашых думак да бяскрайніх марскіх абшараў, якія знаходзяцца ў пастаянным руху, прадстаўляе сабой, у пэўным сэнс, таксама нагоду, каб думаць пра Бога, які няспынна суправаджае сваё стварэнне, дапамагаючы яму ісці наперад, захоўваючы яго існаванне”, - лічыць Святы Айцец.

Паводле Папы, захаванне акіянаў сёння з’яўляецца адказнасцю ад якой нельга ўхіліцца. “Нажаль, шматлікія намаганні церпяць паразу па прычыне адсутнасці механізмаў рэгулявання і эфектыўнага кантролю, асабліва ў сферы абароны марскіх абшараў па-за межамі паасобных краін. Мы не можам дапусціць, каб моры і акіяны былі запоўнены інертнымі абшарамі плаваючага пластыку”, - заахвовіў ён.

“[Па прычыне гэтай надзвычайнай сітуацыі мы пакліканы ўзяць на сябе адказнасць, з дзейснай ментальнасцю, молячыся так, нібыта ўсё залежыць ад Божага Провіду, і працуючы так, нібыта ўсё залежыць ад нас]”

- заклікаў Францішак.

“Молімся, каб воды былі не знакам падзелу паміж народамі, але сустрэчы паміж чалавечай супольнасцю. Молімся аб ратаванні тых, хто на хвалях рызыкуе жыццём у пошуку лепшай будучыні. Просім Пана і тых, хто выконвае высокае палітычнае служэнне, каб найбольш далікатныя пытанні нашай эпохі, такія як пытанні міграцыі, кліматычных змен, права ўсіх карыстыцца першаснанеабходнымі рэсурсамі, вырашаліся з адказнасцю, з дальназоркім позіркам у будучыню, з велідадушнасцю і ў духу супрацоўніцтва, асабліва сярод краін, якія маюць большыя магчымасці. Молімся за ўсіх, хто прысвячае сябе апостальству мора, хто дапамагае разважаць над праблемамі, што стаяць перад марскімі экасістэмамі, за тых, хто робіць унёсак у распрацоўку і выкарыстанне міжнародных правіл, што тычацца мораў, якія могуць абараніць людзей, краіны, тавары, прыродныя рэсурсы – я думаю, напрыклад, пра рыбную флору і фаўну, а таксама пра каралавыя рыфы ці марское дно – і гарантаваць цэласнае развіццё ў перспектыве супольнага дабра ўсёй чалавечай сям’і, а не прыватных інтарэсаў. Будзем памятаць таксама, як шмат людзей працуе, каб абараніць марскія абшары, ахоўваць акіяны і іх біяразнастайнасць, каб яны маглі выконваць гэту задачу адказна і сумленна”, - напісаў Папа.

Напрыканцы паслання Святы Айцец заклікаў дбаць пра маладыя пакаленні і маліцца за іх, каб усё больш пазнавалі і паважалі супольны дом, жадаючы клапаціцца аб важным водным рэсурсе на карысць усіх.

Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле з 2015 г. Ён быў станоўлены Францішкам, які пажадаў, такім чынам, далучыцца да Праваслаўных Цэркваў, якія адзначаюць гэты Дзень з 1989 г.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

01 верасня 2018, 11:53