Кардынал Леанарда Сандры падчас візіту ў супольнасць Ордэна Мхітарыстаў Кардынал Леанарда Сандры падчас візіту ў супольнасць Ордэна Мхітарыстаў 

Папа скіраваў пасланне да армянскага Ордэна Мхітарыстаў

Францішак скіраваў пасланне на заканчэнне святкавання 300-годдзя кляштара армянскага каталіцкага Ордэна Мхітарыстаў на востраве Сан-Ладзаро-дэлі-Армэні, каля Венецыі.

Кляштар быў заснаваны ў 1717 г. армянскім святаром Мхітарам Сэбастацы на востраве, які той атрымаў у дар ад папы Клімента XI. Тут нясуць служэнне законнікі з заснаванай гэтым рэлігійным і культурным дзеячам манаскай супольнасці, галоўным напрамкам дзейнасці якой з’яўляецца духоўна-культурнае развіццё армянскага народа, захаванне мовы і помнікаў старажытнаармянскай пісьменнасці, евангелізацыйная дзейнасць у краінах Блізкага Усходу.

У сваім пасланні Францішак заклікаў манахаў працягваць традыцыю армянскага тэалагічнага гуманізму і захоўваць экуменічную адкрытасць.

“Востраў св. Лазара, разам з кляштарам у Вене, стаў пульсуючым сэрцам жыцця кангрэгацыі: нягледзячы на агульнае змяншэнне колькасці манахаў, кожны з іх пакліканы, тут і паўсюдна, трымаць адкрытымі і шырокімі гарызонты місіі і моцныя повязі адзінства. Мхітаранская духоўнасць заключаецца перш за ўсё ў быцці манахамі, асобамі, якія цалкам прысвечаны Богу. Гэта пакліканне не магчыма споўніць без рэальнай еднасці з сабратамі і без поўнага, цэласнага і радаснага прыняцця абяцанняў убогасці, чыстасці і паслухмянасці, евангельскай крыніцы сапраўднага абнаўлення і надзейнай гарантыі ў сучасных турботах”, - напісаў Папа.

Пантыфік запэўніў манахаў Ордэна Мхітарыстаў у сваёй малітве, і пажадаў, каб полымя, запаленае заснавальнікам супольнасці, працягвала асвячаць цярністы і квітнеючы шлях армянскага народа.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 верасня 2018, 12:00