Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Папа даў інтэрв’ю італьянскаму эканамічнаму выданню

Бог патрабуе нашых рук, каб дапамагчы бедным і адрынутым, падкрэсліў Папа ў інтэрв’ю “Il Sole 24 Ore” – буйнейшаму італьянскаму фінансава-эканамічнаму выданню. Яно было апублікавана 7 верасня 2018 г.

“Цяперашняя цэнтральная роля фінансавай дзейнасці ў адносінах да рэальнай эканомікі не выпадковая: за гэтым стаіць выбар кожнага, хто думае, памыляючыся, што грошы робяцца з дапамогай грошай. Але сапраўдныя грошы з'яўляюцца плёнам працы. Беспрацоўе у розных еўрапейскіх краінах – гэта наступства эканамічнай сістэмы, якая больш не здольная ствараць працоўныя месцы, бо паставіла ў цэнтр ідала, імя якому – грошы”, - сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец перакананы, што працоўная дзейнасць павінна быць арыентавана не толькі на атрыманне як мага большага прыбытку, але “спрыяць годнаму жыццю, ведаючы, што дабро людзей і дабро прадпрыемства ідуць нага ў нагу”.

Папа заклікае “развіваць салідарнасць і рэалізоўваць новы эканамічны парадак, які больш не будзе ствараць чалавечыя адходы, але ўзбагаціць эканоміку ўвагай да бедных і змяншэннем няроўнасці”. Для дасягнення гэтай мэты мы маем патрэбу ў “адвазе і геніяльнай крэатыўнасці”, падкрэсліў ён.

Паводле Святога Айца, эканоміка павінна быць этычнай. “Дзейнасць і адказнасць, справядлівасць і прыбытак, вытворчасць багаццяў і іх размеркаванне, эфектыўнасць і павага да навакольнага асяроддзя, калі яны непарыўна злучаныя, тады становяцца элементамі, якія гарантуюць жыццё прадпрыемства ў часе”, - сказаў Папа.

Каментуючы сітуацыю з міграцыяй, Францішак заўважыў, што не існуе мірнай будучыні “без прыняцця адметнасцяў, без салідарнасці, без разуменняа чалавецтва як адзінай сям’і”. Міграцыя, гэта вялікі выклік для ўсіх, перакананы ён.

“Пан абяцае суцяшэнне і вызваленне ўсім прыгнечаным свету, але Ён патрабуе нас, каб зрабіць плённым сваё абяцанне. Ён патрабуе нашых вачэй, каб бачыць патрэбы братоў і сясцёр. Ён патрабуе нашых рук, каб дапамагчы ім. Ён патрабуе нашага голасу, каб выкрываць несправядлівасць, якая здзяйсняецца пры маўчанні, часам саўдзельным, многіх людзей. І перш за ўсё Пан мае патрэбу ў нашых сэрцах, каб паказаць міласэрную любоў Бога да апошніх, адрынутых, пакінутых, маргіналізаваных”, - перакананы Святы Айцец.

Папа заўважыў, што таксама і мігранты павінны паважаць законы і культуру народаў, якія іх прымаюць, каб стаць на шлях інтэграцыі і такім чынам пераадолець усе страхі і неспакой.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 верасня 2018, 10:11