Сутрэча Папы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству Сутрэча Папы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству 

Папа: цаніць досвед іншых хрысціянскіх супольнасцей

Цаніць досвед іншых хрысціянскіх супольнасцей, заклікаў Папа ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, якіх 28 верасня 2018 г. прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Сёлетняя асамблея была прысвечана адносінам з пяцідзесятніцкімі, харызматычнымі і евангелісцкімі супольнасцямі. Пантыфік заўважыў, што іх колькасць пастаянна расце і гэты феномен “нельга пакідаць без увагі”.

“[У першую чаргу, мы абавязаны адрозніваць і распазнаваць прысутнасць Святога Духа ў гэтых супольнасцях, спрабуючы будаваць з імі сувязі сапраўднага адзінства]”

, - падкрэсліў ён, і заклікаў да пераадольвання ўзаемнага недаверу.

Папа прызнаўся, што, калі быў правінцыялам езуітаў у Аргентыне, забараняў сабратам кантакты з нэапратэстантамі, кажучы, што іх малітоўныя сустрэчы нагадваюць “школу самбы”. “Потым я прасіў прабачэння за гэта, і калі быў біскупам, меў добрыя адносіны з імі”, - заўважыў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што супольныя ініцыятывы могуць уключаць у сябе сумесную малітву, слуханне Божага Слова, служэнне бедным, абвяшчэнне Евангелля, абарону чалавечай годнасці і жыцця.

“[Ва ўзаемнай братэрскай сустрэчы мы, католікі, зможам навучыцца цаніць досвед шматлікіх супольнасцей, якія жывуць сваёй верай, праслаўляюць Бога і сведчаць Евангелле ў любові, часта нязвыклым для нас чынам]”

- сказаў Папа.

“У той жа час, гэта ім дапаможа пераадолець забабоны ў адносінах да Каталіцкага Касцёла і распазнаць, што ў бясцэнным скарбе традыцыі, атрыманай ад апосталаў і захаванай на працягу гісторыі, Святы Дух не быў загашаны ці задушаны, але працягвае плённа дзейнічаць”, - дадаў ён.

Паводле Францішка, той факт, што для многіх католікаў нэапратэстанты застаюцца прывабнымі, можа стаць для Касцёла нагодай для самааналізу і душпастырскага абнаўлення. Многія з гэтых супольнасцей “жывуць сапраўдным хрысціянскім досведам у кантакце з Божым словам і ў паслухмянасці справе Святога Духа”. Таксама яны “не пазбаўлены значэння і каштоўнасці ў таямніцы збаўлення”, перакананы Папа.

Паводле яго, католікі могуць прымаць багацце досведу пяцідзесятніцкіх, харызматычных і евангелісцкіх супольнасцей, што дапаможа Касцёлу расці ў вернасці Святому Духу, прымаючы Яго свежую навізну.

Пантыфік нагадаў, што менавіта Святы Дух абнаўляе хрысціянскае жыццё і вядзе да сапраўднай еднасці, якая не з’яўляецца ўніфікацыяй. “Таму, адкрытасць сэрца, пошук адзінства і ўважлівае адрозніванне, паводле Святога Духа, павінны характарызаваць нашы стасункі”, - сказаў Папа ўдзельнікам пленарнага пасяджэння Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 верасня 2018, 13:14