Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі"  (ANSA)

Папа перад “Анёл Панскі”: хворыя – не праблема, а магчымасць

Хрысціяне могуць здзяйсняць цуды, адкрываючы сябе да патрэб братоў і сясцёр, якія пакутуюць і жывуць у нястачы, адхіляючы эгаізм і бессардэчнасць. Так лічыць папа Францішак.

Святы Айцец падзяліўся сваімі разважаннямі з вернікамі, сабранымі 9 верасня 2018 г. у Ватыкане на малітве “Анёл Панскі”.

Мы прапануем поўны тэкст папскай рэфлексіі

“Евангелле сённяшняй нядзелі (Мк 7, 31-37) кажа пра выпадак цудоўнага вылячэння глуханямога, што ажыццявіў Езус, - нагадаў Папа. - Прывялі да Яго глуханямога, просячы, каб усклаў на яго руку. Замест гэтага Ён учыніў некалькі жэстаў над ім: адвёў далей ад натоўпу. У гэтым выпадку, як і ў іншых, Езус дзенічае далікатна. Ён не хоча зрабіць уражанне на людзях, не шукае папулярнасці і поспеху, хоча выключна рабіць добрае для чалавека.

“Дзякуючы такому стаўленню, Езус вучыць нас, што добрае павiнна рабіцца без фанфар і хвальбы, без паўсюднага абвяшчэння аб гэтым. Трэба рэалізаваць яго ціха.”

Езус, калі стаяў на абочыне, паклаў у вушы глуханямога свае пальцы, а Яго сліна дакранулася да языка мужчыны. Гэты жэст спасылаецца на Уцелаўленне. Сын Божы – гэта асоба, Якая цалкам упісваецца ў чалавечую рэальнасць, і, такім чынам, можа зразумець жудасны стан іншага чалавека, і таму выконвае жэст, у якім удзельнічае ўся Яго чалавечнасць. У той жа час, Езус хоча прадэманстраваць, што цуд адбываецца па прычыне Яго саюзу з Айцом; таму паглядзеў на неба. Потым уздыхнуў і прамовіў вызначальнае слова: “Эффата”, – што значыць: “Адкрыйся”. І адразу ж чалавек быў вылечаны: адкрыліся вушы ягоныя і развязаліся путы языка ягонага. Вылячэнне было для яго “адкрыццём” да іншых і да свету.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра

Гэтая гісторыя падкрэслівае неабходнасць падвойнага вылячэння. Перш за ўсё, вылячэння ад хвароб і фізічных пакут, каб аднавіць здароўе цела, нават калі гэтая мэта не зусім дасягальная ў дачаснай перспектыве, нягледзячы на намаганні навукі і медыцыны. Але ёсць іншае вылячэнне, магчыма, больш цяжкае – вылячэнне ад страху. Гэты страх прымушае нас выдаляць на ўзбочыну хворых, пакутуючых, няпоўнаспраўных. Існуе шмат спосабаў маргіналізацыі, нават праз псеўда-жаль ці выдаленне праблемы. Мы застаёмся глухімі і нямымі перад тварам болю людзей, якія пакутуюць ад хвароб, прыгнечання і цяжкасцей.

“Занадта часта, хворыя і церпячыя становяцца праблемай, а павінны быць магчымасцю для клопату і салідарнасці ў адносінах да самых слабых грамадства.”

Езус адкрыў нам таямніцу цуду, які можам паўтарыць, становячыся героямі “Эффата”, слова “Адкрыйся”, якім вярнуў глуханямому мову і слых. Гаворка ідзе пра адкрытасць да патрэб і пакут нашых братоў, якія маюць цяжкасці і патрабуюць дапамогі, пазбягаючы эгаізму і зачыненасці сэрца. Езус прыйшоў менавіта, каб адкрыць сэрца, самае глыбокае ядро чалавека, каб яго вызваліць, каб зрабіць нас здольнымі жыць у поўнай меры ў нашых адносінах з Богам і з іншымі людзьмі. Ён стаў чалавекам, каб чалавек, унутрана глухі і нямы па прычыне граху, мог пачуць голас Бога, голас Любові, што звяртаецца да яго сэрца, і, такім чынам навучыўся гаварыць на мове любові, пераводзячы яе ў жэсты высакароднасці і самаахвяравання.

Няхай Марыя, цалкам “адкрытая” да любові Пана, просіць для нас штодзённы досвед, у веры, цуду “Эффата”, каб жыць у камуніі з Богам і з нашымі братамі і сёстрамі”, - сказаў Папа.

Завяршаючы сваю нядзельную сустрэчу з вернікамі, Францішак папрасіў сабраных на плошчы св. Пятра аб малітве.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 верасня 2018, 15:03