Cerca

Vatican News
Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі"  (AFP or licensors)

Папа на “Анёл Панскі”: адмовіцца ад логікі “свой-чужы”

Заўважаць прысутнасць Бога, адкрываючы яе ўсюды, дзе Ён праяўляе сябе, нават у самых нечаканых і незвычайных сітуацыях, заклікаў Папа 30 верасня 2018 г. у сваёй медытацыі перад малітвай “Анёл Панскі”.

Святы Айцец перасцярог таксама ад спакусы празелітызму.

Прапануем поўны тэкст разважання Папы:

“Сённяшняе нядзельнае Евангелле (Мк 9, 38-43.45.47-48) знаёміць нас з адной з вельмі павучальных падрабязнасцей жыцця Езуса і Яго вучняў. Яны ўбачылі, што чалавек, які не належаў да тых, хто ішоў за Езусам, выганяў дэманаў у імя Езуса, і таму хацелі забараніць яму. Ян, з тыповым для моладзі заўзятым энтузіязмам, прадставіў справу Настаўніку, шукаючы падтрымкі з Яго боку. Але Езус, наадварот, адказвае: “Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу пачаць зласловіць Мяне. Бо хто не супраць нас, той з намі” (Мк 9, 39-40).

Ян і іншыя вучні дэманструюць закрытасць перад падзеяй, якая не ўпісваецца ў іх схему, у гэтым выпадку, перад добрым учынкам “знешняй” у адносінах да асяроддзя вучняў асобы. У адрозненне ад гэтага, Езус застаецца вельмі свабодным, цалкам адкрытым для свабоды Духа Божага, Якому ў дзейнасці не перашкаджае ніякая мяжа, ніякая сцяна. 

“Езус хоча выхаваць сваіх вучняў, і нас сёння, да гэтай унутранай свабоды.”

Варта задумацца над узгаданым эпізодам і зрабіць невялікі рахунак сумлення. Стаўленне вучняў Езуса вельмі чалавечае, вельмі частае, якое сустракаецца і ў хрысціянскіх супольнасцях усіх часоў, верагодна, і ў нас саміх. У духу добрай волі, нават з стараннасцю мы хацелі б захаваць аўтэнтычнасць пэўнага досведу, асабліва харызматычнага, баронячы заснавальніка або лідара ад ілжывых наступнікаў.

Але адначасова з гэтым з’яўляецца занепакоенасць з нагоды “канкурэнцыі” – гэта страшная баязнь “канкурэнцыі”, – што нехта можа скрасці новых паслядоўнікаў. У выніку, мы не можам цаніць тое добрае, што робяць іншыя: ён не ў парадку, бо “не наш”. Гэта форма самарэферэнцыі. Больш за тое: тут знаходзіцца крыніца празелітызму. Касцёл, як кажа нам Бэнэдыкт XVI, не расце з празелітызму, але праз прыцягнення або праз сведчанне іншым сілы Святога Духа.

“Вялікая свабода Бога, Які дорыць сябе нам, гэта выклік і стымул, каб змяніць наша стаўленне і нашы адносіны.”

Гэта запрашэнне, якое накіроўвае нам Езус сёння. Заклікае нас не думаць у катэгорыях “сябар/вораг”, “мы/яны”, “уваходзіць у групу/па-за за ёй”, “маё/тваё”, але ісці наперад і адкрыць сваё сэрца, каб быць у стане прызнаць Яго прысутнасць і дзеянне Бога нават у незвычайных і непрадказальных сітуацыях і ў людзях, якія не належаць да нашага асяроддзя. Ідэя заключаецца ў тым, каб звярнуць увагу больш на аўтэнтычнасць рэалізацыі дабра, прыгажосці і праўды, чым на імя і паходжанне тых, хто яго робіць. І – як нам прапануе наступная частка сённяшняга Евангелля – замест таго, каб судзіць іншых, мы павінны праверыць сябе і “адрэзаць” бескампрамісна ўсё, што можа знеахвоціць чалавека слабога ў веры.

Рэпартаж с плошчы св. Пятра

Няхай Дзева Марыя, узор паслухмянага прыняцця Божых нечаканасцей дапаможа нам распазнаць прыкметы прысутнасці Бога сярод нас, адкрываючы яе ўсюды, дзе Ён праяўляе сябе, нават у самым нечаканых і незвычайных сітуацыях. Няхай нас вучыць любіць нашу супольнасць без рэўнасці і замкнёнасці, застаючыся заўсёды адкрытымі для шырокага далягляду Духа Святога”, - сказаў падчас свайго разважання Пантыфік.

Пасля “Анёл Панскі” Францішак пажадаў сабраным на плошчы св. Пятра добрай нядзелі і папрасіў аб малітве.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 верасня 2018, 15:16