Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа прысвяціў новую Апостальскую канстытуцыю Сіноду Біскупаў

18 верасня 2018 г. была абнародавана новая Апостальская канстытуцыя Святога Айца Францішка “Episcopalis communio”, аб структуры Сінода Біскупаў.

Новаўвядзеннем стала правядзенне перадсінадальных кансультацый. Таксама ад гэтага часу выніковы дакумент Сінода будзе часткай звычайнага папскага вучэння.

Заснаваны 15 верасня 1965 г. Паўлам VI Сінод Біскупаў, застаецца каштоўнай спадчынай Другога Ватыканскага Сабору, заўважыў Францішак. Ён звярнуў увагу на “плённае супрацоўніцтва” паміж Сінодам і Пантыфікам у самых важных пытаннях, якія патрабуюць “спецыфічных ведаў і разважлівасці на карысць усяго Касцёла”.

Новая Апостальская канстытуцыя прадугледжвае, што акрамя існуючых сёння Звычайных, Надзвычайных (у сітуацыях, якія патрабуюць неадкладнага абмеркавання) і Спецыяльных (для канкрэтных геаграфічных абшараў) Асамблей, калі ёсць прычыны экуменічнага характару, магчыма правядзенне іншых сінадальных сходаў.

Пантыфік можа паклікаць на Сінод асоб, якія не з’яўляюцца біскупамі, у кожным асобным выпадку асабіста акрэсліваючы іх ролю. Папа можа пастанавіць, каб пасяджэнне адбывалася ў некалькі этапаў, якія могуць праходзіць у розны час.

У новай Апостальскай канстытуцыі гаворыцца таксама пра тры фазы Сінода: падрыхтоўчую, цэлебратыўную і рэалізацыйную. На падрыхтоўчым этапе прадугледжаны кансультацыі з Божым народам, якія адбываюцца на ўзроўні мясцовых Касцёлаў, манаскіх супольнасцей і аб’яднанняў вернікаў. Генеральны сакратарыят Сіноду можа выбраць іншыя формы рэалізацыі гэтага этапу.

Канстытуцыя “Episcopalis communio” прадугледжвае таксама магчымасць склікання перадсінадальнага пасяджэння, як гэта адбылося сёлета, напярэдадні Сінода Біскупаў, прысвечанага моладзі.

Адносна “цэлебратыўнай” фазы, падкрэсліваецца, што на Сінодзе заўсёды старшынствуе Святы Айцец, які прызначае аднаго ці больш старшынь-дэлегатаў. Сінод працуе ў ходзе агульных кангрэгацый, а таксама ў малых групах. Існуе магчымасць свабоднага абмену меркаваннямі.

У новым дакуменце Францішка падкрэсліваецца, што плёнам працы сесіі Сінода Біскупаў з’яўляецца выніковы дакумент. Калі Пантыфік надзяляе сінадальнае пасяджэнне рашаючым голасам, згодна з канонам 343 Кодэкса кананічнага права, і калі выніковы дакумент з’яўляецца ратыфікаваным і ўхваленым Наступнікам св. Пятра, ён становіцца часткай звычайнага папскага вучэння. У такім выпадку выніковы дакумент выдаецца з подпісам Святога Айца і ўдзельнікаў Сінода.

Адносна “рэалізацыйнай” фазы Сінода, у Апостальскай канстытуцыі звяртаецца ўвага на ролю Генеральнага сакратара і Звычайнай рады Генеральнага сакратарыяту. Рэкамендуецца, каб Генеральны сакратарыят Сінода Біскупаў падрыхтаваў інструкцыю па правядзенні Сінадальных Асамблей.

Францішак пастанавіў, што новая Апостальская канстытуцыя ўвойдзе ў сілу з моманту яе апублікавання ў ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano”.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 верасня 2018, 11:12