Пошук

Папа падчас сустрэчы з удзельніка фармацыйнага курса для душпастыраў сем'яў Папа падчас сустрэчы з удзельніка фармацыйнага курса для душпастыраў сем'яў 

Папа: патрэбна больш сур’ёзная падрыхтоўка да сужэнства

Папа нагадаў пра важнасць перманентнага катэхуменату для сужэнскіх пар. Аб гэтым ён казаў да ўдзельнікаў фармацыйнага курсу, арганізаванага Трыбуналам Рымскай Роты.

Сустрэча прайшла вечарам 27 верасня 2018 г. у рымскай базыліцы св. Яна на Латэране. У ёй прынялі ўдзел каля 850 чалавек – святары, пастаянныя дыяканы, сужонкі і свецкія вернікі з Рымскай дыяцэзіі і Рымскай касцёльнай правінцыі, якія задзейнічаны ў душпастырстве сем’яў.

Святы Айцец нагадаў, што ў сваёй Апостальскай адгартацыі “Amoris laetitia” ён падкрэсліваў важнасць сур’ёзнай падрыхтоўкі да сужэнства, якая “не павінна зводзіцца да некалькіх сустрэч”.

“[Сужэнства – гэта не толькі “сацыяльная” падзея, але сапраўдны сакрамэнт, які прадугледжвае адпаведную падрыхтоўку і свядомую цэлебрацыю. Сужэнская повязь, насамрэч, патрабуе ад заручаных свядомага выбару, які запальвае жаданне разам будаваць тое, чаму ніколі нельга здрадзіць і што нельга пакінуць]”

- сказаў ён.

Пантыфік высока ацаніў ініцыятывы для маладых сужонкаў, якія існуюць у розных дыяцэзіях свету і прадугледжваюць адпаведныя семінары, малітоўныя сустрэчы і кантакты з псіхолагам.

“Вельмі часта галоўную прычыну праблем, якія ўзнікаюць пасля цэлебрацыі сакрамэнту сужэнства, трэба шукаць не толькі ў схаванай і глыбокай нясталасці, што праяўляецца раптоўна, але, у першую чаргу, у слабасці хрысціянскай веры і недахопе ў касцёльным суправаджэнні, у самотнасці, у якой звычайна пакідаюцца маладыя пасля заключэння сужэнства”, - сказаў Папа.

“[Толькі сутыкаючыся з штодзённым сумесным жыццём, якое кліча сужонкаў узрастаць на шляху дарэння сябе і ахвярнасці, некаторыя пачынаюць усведамляць, што не да канца разумелі тое, што распачалі]”

- дадаў ён.

Паводле Францішка, сур’ёзная і паглыбленая падрыхтоўка да сужэнства дапаможа маладажонам развіць у сябе “антыцелы” для пераадолення непазбежных цяжкасцей сужэнскага і сямейнага жыцця. Але гэтага, паводле яго, яшчэ не дастаткова.

“Больш эфектыўная душпастырская дапамогай рэалізуецца там, дзе суправаджэнне не завяршаецца з цэлебрацыяй сакрамэнту сужэнства, але доўжыцца прынамсі першыя гады сужэнскага жыцця. Дзякуючы размовам з кожнай канкрэтнай парай, а таксама сустрэчам у супольнасці, можна дапамагчы маладым атрымаць інструменты і падтрымку для жыцця іх пакліканнем. А гэта не можа адбыцца іншым шляхам, як праз узрастанне ў веры саміх сужэнскіх пар”, - зазначыў Папа.

Гаворачы пра сужонкаў, якія перажываюць цяжкія праблемы ў адносінах і знаходзяцца ў крызісе, Францішак падкрэсліў, што ім трэба дапамагчы зноў распаліць веру і адкрыць ласку сакрамэнту, а ў некаторых выпадках – якія павінны аналізавацца з шчырасцю і ўнутранай свабодай, – даваць ім належныя ўказанні для распачацця працэсу прызнання несапраўднасці сужэнства.

“[Тыя людзі, якія ўсвядомілі, што іх саюз не з’яўляецца сапраўдным сакрамэнтальным сужэнствам, і жадаюць выйсці з гэтай сітуацыі, павінны знайсці ў біскупах, святарах і душпастырскіх работніках неабходную падтрымку, якая выражаецца не толькі ў пераказванні прававых норм, але, перш за ўсё, у слуханні і разуменні]”

- сказаў Папа.

“У сувязі з гэтым, нормы новага сужэнскага працэсу з’яўляюцца каштоўнай прыладай, якой павінны, канкрэтна і ў роўнай ступені, карыстацца ўсе, на кожным касцёльным узроўні, бо іх галоўная мэта гэта “salus animarum”! Я быў рады даведацца, што многія біскупы і судовыя вікарыі неадкладна прынялі і ажыццявілі новыя нормы сужэнскага працэсу, каб несці суцяшэнне сумленню, асабліва самых слабых і далёкіх ад нашых касцёльных супольнасцей”, - сцвердзіў Пантыфік.

На заканчэнне сустрэчы Папа звярнуў увагу на важнасць дапамогі маладым парам, якія жывуць разам без шлюба, адкрываючы перад імі прыгажосць сужэнства.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 верасня 2018, 10:37