Папа падчас аўдыенцыі для кангрэгацыі Сыноў Найсвяцейшай Марыі Беззаганнай Папа падчас аўдыенцыі для кангрэгацыі Сыноў Найсвяцейшай Марыі Беззаганнай 

Францішак законнікам: клапаціцца пра глебу для зерняў паклікання

Спрыяць супрацоўніцтву паміж духавенствам і свецкімі вернікамі, заклікаў Папа 20 верасня 2018 г. у Ватыкане, падчас аўдыенцыі для законнікаў з кангрэгацыі Сыноў Найсвяцейшай Марыі Беззаганнай.

Сустрэча была прымеркавана да 150-годдзя з дня смерці заснавальніка гэтай манаскай супольнасці, італьянскага святара кс. Джузэпэ Фразінэці. Пантыфік заўважыў, што дагэтуль застаюцца актуальнымі ідэі гэтага пастыра. У першую чаргу, гэта тычыцца яго намаганняў на карысць братэрскага супрацоўніцтва паміж духавенствам і свецкімі вернікамі.

“Заклікаю вас працягваць ісці гэтым шляхам, робячы вашы парафіяльныя і манаскія супольнасці месцамі, дзе можна адчуваць дух сямейнасці, гасціннасці, павагі і шчырага апостальскага супрацоўніцтва”, - сказаў Папа.

Спасылаючыся на паўсюднае пакліканне вернікаў да святасці, укаранёнае ў сакрамэнце хросту, Пантыфік заклікаў законнікаў, жыць у пакоры, радасці і мужна абвяшчаць Евангелле. Ён нагадаў, што перад Касцёлам стаіць вялікая колькасць выклікаў. І адказваць на іх трэба без высакамер’я і ў евангельскім духу.

Асаблівую ўвагу Францішак звярнуў на клопат аб пакліканнях. “Мы ведаем, што Бог кліча заўсёды, але мы можам і павінны супрацоўнічаць з Ім у стварэнні добрай глебы, у якой, шчодра пасеянае зерне паклікання, магло б прарасці і не змарнавацца. Касцёл з заклапочанасцю турбуецца аб пачатковай і пастаяннай фармацыі пакліканых, як да святарскага, так і да манаскага жыцця (...). Жадаю, каб гэта вялікая справа, звязаная з малітвай, катэхізацыяй, суправаджэннем фармацыі пакліканняў, заўсёды займала прывілеяванае месца ў душпастырскай дзейнасці вашай супольнасці”, - сказаў Святы Айцец.

Нагадваючы аб маючым адбыцца ў кастрычніку Сінодзе Біскупаў, прысвечаным моладзі, Францішак заклікаў законнікаў быць для новых пакаленняў спадарожнікамі на іх часта заблытаных, але напоўненых марамі шляхах.

Кангрэгацыя Сыноў Найсвяцейшай Марыі Беззаганнай была заснавана ў 1861 г. На сённяшні дзень яна дзейнічае ў Італіі, Аргентыне, Чылі, Мексіцы, Польшчы і на Філіпінах.

Рэпартаж з папскай аўдыенцыі
Навіна ў фармаце аўдыё
20 верасня 2018, 11:35