Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак заклікаў да малітвы за кітайскіх католікаў

Папа заклікаў вернікаў да гарачай малітвы і братэрскага сяброўства з католікамі ў Кітаі. Адмысловы зварот ён скіраваў на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая 26 верасня 2018 г. прайшла ў Ватыкане.

Пантыфік нагадаў, што 22 верасня 2018 г. было заключана Часовае пагадненне паміж Апостальскай Сталіцай і Кітайскай Народнай Рэспублікай аб прызначэнні біскупаў. “Дамова з’яўляецца плёнам доўгага і прадуманага шляху дыялогу, пакліканага спрыяць лепшаму супрацоўніцтву паміж Святым Пасадам і кітайскімі ўладамі на карысць каталіцкай супольнасці ў Кітаі і гармоніі ва ўсім грамадстве”, - зазначыў ён.

Францішак паведаміў, што з гэтай нагоды ён вырашыў скіраваць да кітайскіх католікаў і ўсяго Паўсюднага Касцёла адмысловае пасланне братэрскай падтрымкі. “Я спадзяюся, што ў Кітаі распачнецца новы этап, які дапаможа залячыць раны мінулага, аднавіць і захоўваць поўную камунію паміж усімі кітайскімі католікамі, а таксама абвяшчаць Евангелле з абноўленым запалам”, - сказаў Папа.

“Дарагія браты і сёстры, мы маем важную задачу! Мы пакліканы суправаджаць нашых братоў і сясцёр у Кітаі гарачай малітвай і братэрскім сяброўствам. Яны ведаюць, што не адзінокія. Увесь Касцёл моліцца з імі і за іх. Папросім Маці Божую, Маці надзеі і Успамогу хрысціянаў благаславіць і ахоўваць усіх католікаў у Кітаі, а для ўсяго кітайскага народа просім Бога аб дары міру”, - заклікаў вернікаў Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 верасня 2018, 10:53