Сваё спецыяльнае пасланне Пантыфік скіраваў на імя кіраўніцтва італьянскай Нацыянальнай арганізацыі глухіх (Ente Nazionale Sordi). Ён высока адзначыў яе дзейнасць на карысць людзей, якія пакутуюць ад глухаты, і іх сем’яў.
Францішак звярнуў увагу на пашырэнне “небяспечнай і непрымальнай культуры адчужэння, якая з’яўляецца наступствам антрапалагічнага крызісу, што ставіць у цэнтр не чалавека, а імкненне да эканамічнай выгады, улады і няспыннае спажывальніцтва”.
Папа зазначыў, што ўразлівыя асобы часцей за ўсё становяцца “ахвярамі гэтай культуры”: дзеці “не маюць магчымасці ўдзельнічаць у школьным жыцці”, пажылыя асобы “адчуваюць сябе самотнымі і пакінутымі”, моладзь “губляе сэнс жыцця і бачыць, як у яе крадуць будучыню і лепшыя мары”.
У кантэксце гэтых выклікаў Пантыфік падкрэсліў важнасць існавання асацыяцый, якія падтрымліваюць тых, хто перажывае цяжкасці. Сёння трэба быць “аб’яднанымі і салідарнымі, сустракацца, дзяліцца досведам, поспехамі і паразамі, яднаць рэсурсы”, што спрыяе ўзбагачэнню “гуманітарнай, сацыяльнай і культурнай спадчыны чалавецтва”.
Папа зазначыў, што адзінства прадугледжвае прызнанне здольнасцей і абмежаванняў адно аднаго, і заклікаў, каб інклюзіўнасць стала часткай мыслення і культуры сучаснага чалавека, а заканадаўцы ўсяляк спрыялі гэтаму.
Папа высока ацаніў сацыяльныя і прафесійныя дасягненні італьянскай арганізацыі глухіх, а таксама актыўны ўдзел людзей з інваліднасцю ў місійнай дзейнасці Касцёла, асабліва ў сферы евангелізацыі. “Гэта становіцца прыкладам і стымулам для хрысціянскіх супольнасцей у іх штодзённым жыцці”, - сказаў ён.
Святы Айцец заклікаў працягваць інтэграцыю глухіх у грамадскае жыццё і змагацца з бар’ерамі і дыскрымінацыяй у адносінах да гэтых асоб.
