Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане  (AFP or licensors)

Францішак: рабства ўласнага эга знявольвае мацней за турму

Аб сэнсе адпачынку і сапраўднай свабоды, якая з’яўляецца дарам Езуса Хрыста, нагадаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 12 верасня 2018 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез аб Божых запаведзях, Францішак заўважыў, што Дэкалог, які быў абвешчаны ў Кнізе Зыходу, амаль ідэнтычны з тым, што знаходзіцца ў Кнізе Другазаконня. Выключэнне складае толькі трэцяя запаведзь. У першым варыянце гаворыцца, што прычынай для адпачынку з’яўляецца благаслаўленне стварэння, а ў другім – успамін пра заканчэнне егіпецкай няволі. “У гэты дзень нявольнік павінен быў адпачываць, як і гаспадар, каб святкаваць успамін Пасхі вызвалення”, - заўважыў Папа.

“Рабы не могуць адпачываць па сваёй сутнасці. Але існуе шмат відаў рабства, як знешняга, так і ўнутранага. Існуе знешні прымус, такі як прыгнёт, жыццё, скрадзенае насіллем, і іншыя віды несправядлівасці. Але ёсць унутраная няволя, да якой адносіцца, напрыклад, псіхічная заблакаванасць, комплексы, абмежаванасць, звязаная з характарам і іншыя. Ці існуе адпачынак у такіх умовах? Ці можа заставацца свабодным чалавек, зняволены і прыгнечаны? Ці можа быць свабоднай асоба, якая змучана ўнутранымі цяжкасцямі?”, - пракаментаваў Папа.

Адказваючы станоўча на гэтыя пытанні, Францішак нагадаў пра людзей, якія захоўвалі свабоду духа нават знаходзячыся ў турме: св. Максімільян Кольбэ і кардынал Нгуэн Ван-Туан здолелі зрабіць гэта. Іншы прыклад – асобы з глыбокай унутранай слабасцю, якія знаходзяць адпачынак у міласэрнасці і ўмеюць дзяліцца ёй. “Божая міласэрнасць робіць нас свабоднымі”, - падкрэсліў Папа.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі

“Чым жа з’яўляецца сапраўдная свабода? Ці гэта свабода выбару? Безумоўна – гэта частка свабоды, і мы намагаемся рабіць так, каб яна была гарантавана кожнаму чалавеку. Але мы ведаем, што, каб быць па-сапраўднаму свабодным і шчаслівым, не дастаткова рабіць таго, што хочацца. Сапраўдная свабода – гэта штосьці нашмат большае”, - заўважыў Пантыфік.

“Існуе рабства, якое знявольвае мацней за турму, мацней за панічны крызіс, мацней за рознага роду дыктат: гэта рабства ўласнага эга. Гаворка ідзе пра людзей, якія на працягу ўсяго дня глядзяць на сябе ў люстэрка, каб любавацца сваім “я”. Іх эга мацнейшае за іх цела. Яны нявольнікі свайго “я””, - сказаў Папа.

“Эга можа стаць катам, які здзекуецца над чалавекам дзе б той ні знаходзіўся і выклікае ў ім найглыбейшую прыгнечанасць, якая называецца “грахом”, і з’яўляецца не банальным парушэннем кодэксу, а жыццёвым крахам і станам няволі”

- дадаў Пантыфік.

Францішак зазначыў, што “прагныя, пажадлівыя, сквапныя, гнеўныя, зайздросныя, лянівыя, пыхлівыя людзі – гэта рабы ўласных заган, якія іх тыраняць і катуюць”. Паводле яго, прагны і пажадлівы чалавек не ведае спачынку ў гонцы за задавальненнем – трывога за маёмасць нішчыць, полымя гневу і чарвяк зайздрасці разбураюць адносіны, лянота забірае здольнасць жыць, эгацэнтрызм стварае глыбокую прорву паміж людзьмі.

“Дарагія браты і сёстры, хто ж сапраўдны нявольнік? Хто не ведае адпачынку? (...) Той, хто не ўмее любіць! І ўсе гэтыя заганы, грахі, эгаізм аддаляюць нас ад любові і робяць няздольнымі любіць. Мы становімся рабамі саміх сябе і не можам любіць, бо любоў заўсёды скіравана на іншых людзей”

- нагадаў Папа.

“Трэцяй запаведдзю, якая заклікае святкаваць вызваленне адпачываючы, для нас, хрысціян, з’яўляецца прароцтва Пана Езуса, Які знішчае ўнутранае рабства граху, каб зрабіць чалавека здольным любіць. Сапраўдная любоў – гэта сапраўдная свабода: яна пазбаўляе прагі валодання, адбудоўвае адносіны, дае здольнасць прымаць і цаніць бліжняга, ператварае ў радасны дар любыя цяжкасці і дорыць здольнымі да адзінства. Любоў робіць свабодным нават у турме, нават калі мы слабыя і абмежаваныя”, - сцвердзіў Папа.

Францішак нагадаў, што 12 верасня ў Касцёле адзначаецца ўспамін Найсвяцейшага Імя Марыі. Ён заклікаў падумаць пра вялікі план Бога адносна Найсвяцейшай Панны і адказе любові, які яна дала, каб супрацоўнічаць у Божай справе збаўлення.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 верасня 2018, 11:40