Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас візіту ў Пьяца-Армерына Папа падчас візіту ў Пьяца-Армерына  (AFP or licensors)

Папа пачаў візіт на Сіцылію сустрэчай з мясцовымі вернікамі

Святы Айцец знаходзіцца з аднадзённым пастырскім візітам на італьянскім востраве Сіцылія, куды прыбыў раніцай 15 верасня 2018 г.

Першым пунктам папскага падарожжа стаў горад Пьяца-Армерына – цэнтр аднайменнай дыяцэзіі, якая сёлета адзначае 200-годдзе існавання. Спачатку Францішак накіраваўся на цэнтральную гарадскую плошчу імя Джавані Фальконэ і Паола Барсэліна – сіцылійскіх суддзяў, якія загінулі ў 1992 г. ад рук мафіі, – каб сустрэцца з мясцовымі вернікамі і іх пастырамі. Тут Пантыфіка чакалі каля 40 тыс. чалавек.

У прамове Папа ўзгадаў аб шматлікіх праблемах рэгіёну, сярод якіх назваў сацыяльны і культурны заняпад, эксплуатацыю работнікаў, адсутнасць годнай працы для моладзі, міграцыю цэлых сем’яў, ліхвярства, алкагалізм, залежнасць ад азартных гульняў і іншыя залежнасці, аслабленне сямейных сувязей. Ён заклікаў убачыць у гэтых ранах грамадства раны самаго Хрыста і ажыццяўляць новую евангелізацыю рэгіёна.

Святы Айцец звярнуў увагу на патрэбу ў “сінадальным Касцёле”, дзе ўсе слухаюць адно аднаго, і ў “Касцёле Слова”, дзе чуюць Божае слова.

“Божае слова і сінадальная еднасць – гэта працягнутая рука да тых, хто жыве паміж спадзяваннямі і расчараваннем, хто прагне міласэрнага Касцёла, усё больш вернага Евангеллю і адкрытага на прыняцце тых, хто адчувае, што прайграў целам і духам, або быў адрынуты на ўзбочыну”

- сказаў ён.

Францішак заахвоціў мясцовую каталіцкую супольнасць да ўчынкаў міласэрнасці і нагадаў, што хрысціянская любоў – гэта не філантропія. Паводле яго, важна змагацца з прычынамі праблем і клапаціцца асабліва пра моладзь.

Папа нагадаў, што Касцёл, гэта эўхарыстычная супольнасць. “З Эўхарыстыі мы чэрпаем любоў Хрыста, каб несці яе на вуліцы свету, каб разам з Ім выходзіць на сустрэчу з братамі. Разам з Ім – і гэта таямніца, – можам прысвяціць Богу ўсю рэчаіснасць, учыніць, каб Яго аблічча адлюстравалася ў іншых абліччах, каб Яго любоў запоўніла тыя месцы, дзе любові няма”, - пажадаў Пантыфік.

Францішак заклікаў духавенства празмерна не засяроджвацца на колькасці ўдзельнікаў св. Імшы.

“Заклікаю вас жыць благаслаўленнем “меншасці”, быць гарчычным зярняткам, маленькім статкам, жменькай закваскі, нязгасным агеньчыкам, пясчынкай солі”

- сказаў ён.

Папа рэкамендаваў святарам не цэлебраваць св. Імшу занадта доўга, з саракахвіліннымі гаміліямі. “Не! Сорак хвілін павінна працягвацца ўся Імша. А гамілія даўжэй за восем хвілін – гэта непарадак!”, - сказаў ён.

“Суцешаныя Богам, вы можаце суцяшаць, выціраць слёзы, лячыць раны, аднаўляць паламанае жыццё людзей, якія з даверам былі даручаны вашаму служэнню”, - звярнуўся Папа да святароў і біскупаў.

Францішак узгадаў постаць бл. Піна Пулізі – сіцылійскага святара, які 25 гадоў таму быў забіты мафіяй. Ён быў у Пьяца-Армерына за два месяцы перад сваёй мучаніцкай смерцю. Паводле Папы, пасланне гэтага пастыра скіравана не толькі да духавенства, але і да ўсіх вернікаў, каб з любові да Езуса служылі братам да апошняга.

Пасля кароткага візіту ў Пьяца-Армерына, Святы Айцец накіраваўся ў Палерма, каб узначаліць Эўхарыстыю ў літургічны ўспамін бл. Піна Пулізі.

Рэпартаж аб візіце Папы ў Пьяца-Армерына
Навіна ў фармаце аўдыё
15 верасня 2018, 11:18