Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа Францішак Папа Францішак  (Servizio Fotografico "Osservatore Romano" @L'Osservatore Romano)

Пантыфік да святароў: сведчанне кажа больш за словы

Святар – гэта чалавек дару і прабачэння, які прыналежыць Хрысту 24 гадзіны ў суткі, падкрэсліў Папа ў звароце да сіцылійскага духавенства і кансэкраваных асоб.

Сустрэча адбылася 15 верасня 2018 г. у катэдральным касцёле Палерма, дзе знаходзіцца магіла кс. Піна Пулізі – мясцовага пастыра, забітага мафіяй. У прамове Францішак звярнуў увагу на некаторыя аспекты яго святарскага жыцця. У першую чаргу, ён нагадаў словы Эўхарыстычнай малітвы: “Бярыце і ешце з гэтага ўсе: бо гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана”.

Яны павінны гучаць не толькі з алтара, але і стаць праграмай штодзённага жыцця пастыраў, бо акрэсліваюць тоеснасць святара, нагадваюць, што ён – чалавек, які штодзённа прыносіць сябе ў дар, без адпачынку і перапынкаў. Святарства, гэта “не прафесія, а дарэнне сябе; не рамяство, а місія”, нагадаў Пантыфік.

“Штодня можна рабіць рахунак сумлення з дапамогай толькі гэтых слоў, і пытацца: “Ці сёння я прынёс жыццё ў дар дзеля любові да Пана, ці дазволіў, каб браты “спажывалі мяне”?”

- лічыць Святы Айцец.

Іншым аспектам святарскай тоеснасці, звярнуў увагу Францішак, з’яўляецца прабачэнне. “Святар не затойвае крыўды, не ўзважвае тое, што не атрымаў, не адказвае злом на зло. Святар – гэта носьбіт спакою Езуса: ён добразычлівы, міласэрны, здольны прабачаць іншых, як прабачае іх Езус. Ён нясе згоду туды, дзе ёсць падзелы, гармонію – дзе спрэчкі, спакой – дзе злосць. Гэта служэнне прымірэння на поўны рабочы дзень: ён удзяляе прабачэнне і супакой не толькі ў канфесіянале, але паўсюль”, - заўважыў Папа.

Францішак падкрэсліў, што святар з’яўляецца “Божым чалавекам” пастаянна, а не толькі, калі апранае літургічнае адзенне. Ён заахвоціў пастыраў, жыць літургіяй, а не ўспрымаць яе толькі ў якасці абраду, насычацца Божым словам і адараваць Пана.

Святы Айцец заахвоціў святароў станавіцца “жывымі іконамі блізкасці” да людзей, асабліва да моладзі, для чаго патрэбна цярплівасць, уменне ўважліва слухаць, бацькоўскае сэрца.

“Душпастырства вядзецца з цярплівасцю і прысвячэннем”, без страху “запэцкаць рукі”, вырашаючы канкрэтныя праблемы людзей”

- заўважыў Пантыфік.

Папа зазначыў таксама важнасць сведчання, якое павінны даваць святары і кансэкраваныя асобы. Ён паставіў у прыклад просты лад жыцця бл. Піна Пулізі, што з’яўляецца “красамоўным знакам поўнага прывячэння” Богу.

“Людзі шукаюць у святарах менавіта гэтага. Жыццё кажа больш за словы. Сведчанне заражае”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Евангелле сёння, як ніколі, просіць нас аб гэтым: служыць у прастаце. Гэта значыць быць слугамі: не выконваць функцыі, але служыць з радасцю, у незалежнасці ад рэчаў, якія прамінаюць, без прывязанасці да сіл гэтага свету”

- дадаў Святы Айцец.

Папа папярэдзіў аб небяспецы клерыкалізму, кар’ерызму, падвойнага жыцця. “Нельга жыць падвойнай мараллю: адной для Божага люду, а другой дома. Сведак Езуса прыналежыць Яму заўсёды. І дзеля Яго любові штодзённа вядзе барацьбу са сваімі заганамі і супраць марнасці, якая адчужае”, - сказаў Францішак.

Пасля сустрэчы з духавенствам Святы Айцец накіраваўся на плошчу Політэама, дзе адбудзецца яго сустрэча з сіцылійскай моладдзю.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 верасня 2018, 15:49