Бэта версія

Cerca

Vatican News
Афіцыйная старонка візіту Папы ў Палерма Афіцыйная старонка візіту Папы ў Палерма 

Папскі візіт на Сіцылію – выразная пазіцыя Касцёла адносна мафіі

У наступную суботу, 15 верасня 2018 г., Папа наведае Сіцылію. Візіт адбудзецца ў 25-годдзе мучаніцкай смерці кс. Піна Пулізі, ахвяры мафіі, забітага ў помсце за адкрытае асуджэнне мафіёзі Янам Паўлам II.

Праз папскі візіт на Сіцылію Касцёл чарговы раз займае выразную пазіцыю адносна мафіі і іншых злачынных арганізацый, падкрэсліў арцыбіскуп Палерма Карада Ларэфічэ. Ён нагадаў, што Пантыфік прыедзе на італьянскі востраў дакладна ў 25-ю гадавіну мучаніцтва бл. Піна Пулізі.

У той час, нагадаў сіцылійскі іерарх, мафія хацела запалохаць Касцёл. Вось чаму быў забіты святар і планаваўся выбух у базыліцы св. Яна на Латэране. Гэта была рэакцыя на недвухсэнсоўнае асуджэнне мафіі Янам Паўлам II падчас яго візіту на Сіцылію. Святы Папа заклікаў членаў злачынных структур да навяртання і нагадаў ім пра непазбежнасць Божага суда.

Мітрапаліт Палерма сустрэўся 7 верасня з Францішкам. Ён размаўляў з ім пра настрой мясцовых жыхароў перад папскім візітам.

“Цалкам відавочна, што ў Палерма, горад, які бачыў столькі крыві праведных і святых асоб, чакае Папу з вялікім хваляваннем, тым больш, што ён прыедзе ў 25-ю гадавіну забойства кс. Пулізі. Гэта азначае, што Святы Айцец прыедзе, каб пацвердзіць, што сёння прыдатны час для пропаведзі Евангелля, якое рэалізуецца ў канкрэтным грамадстве як справядлівасць, і, перш за ўсё, сіла любові, гатовая ахвяраваць сваім жыццём”, - распавёў арцыбіскуп Ларэфічэ.

Паводле іерарха, падарожжа стане наступным этапам шляху, які паказвае Святы Айцец, праз прыклад асоб, асабліва святароў, што абвяшчаюць Евангелле, якое не заўсёды людзі добра разумеюць адразу, але якое суправаджае іх, асабліва на пераломных этапах гісторыі.

Папскі візіт на Сіцылію распачнецца з горада Пьяца-Армерына, размешчанага недалёка ад Катаніі. Пантыфік прыбудзе туды на верталёце. Там ён выступіць з прамовай перад жыхарамі, а затым адправіцца ў Палерма, дзе ўзначаліць Эўхарыстыю ў літургічны ўспамін бл. Піна Пулізі. У сядзібе дабрачыннай “Місіі надзеі і любові” (Missione di Speranza e Carità), якую некалі заснаваў святар, Пантыфік паабедае з яе падапечнымі, а таксама зняволенымі і мігрантамі. Затым ён адправіцца з прыватным візітам у парафію св. Каетана ў квартале Бранкача, пробашчам якой быў благаслаўлёны. Затым у катэдры, дзе знаходзіцца магіла кс. Пулізі, Францішак сустрэнецца з духавенствам, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі. На мясцовай Пьяцца-Політэама ён сустрэнецца з моладдзю, пасля чаго адправіцца ў аэрапорт, адкуль вернецца ў Рым.

Дон Піна Пулізі аддана працаваў з моладдзю і сем’ямі кварталаў сіцылійскага Бранкача. Там і быў забіты мафіяй у 56-гадовым узросце за сваю евангелізацыйную дзейнасць. У 2012 г. быў прызнаны мучанікам, забітым з нянавісці да веры, а 25 мая 2013 г. беатыфікаваны. Францішак назваў яго “прыкладам да наследавання” ў барацьбе з мафіёзным менталітэтам.\

Навіна ў фармаце аўдыё
09 верасня 2018, 12:00