Папа падчас св. Імшы у Каўнасе Папа падчас св. Імшы у Каўнасе 

Папа ў Каўнасе: перамагаць прагу ўлады самаахвярнасцю

Быць Касцёлам, які вырушае ў дарогу, не баяцца выходзіць і ахвяраваць сябе на карысць патрабуючых, не чакаючы ўзнагароды, заклікаў Папа вернікаў падчас св. Імшы ў Каўнасе.

У другі па велічыні горад Літвы Францішак прыехаў з Вільнюса раніцай 23
верасня. Урачыстая літургія ў мясцовым парку Sàntakos распачалася ў 10.00 па
мясцовым часе і стала першым мерапрыемствам, запланаваным на другі дзень
Апостальскага падарожжа Пантыфіка ў краіны Балтыі.

Каментуючы ўрывак з Евангелля паводле св. Марка (Мк 9,30-37), Святы Айцец
патлумачыў, што ў ім Езус прапануе супрацьяддзе ад барацьбы за ўладу, якой у
думках былі паглынуты Яго вучні, не жадаючы нічога чуць пра пакуты і
хваляванні.

“Жыццё хрысціяніна заўсёды перасякае моманты крыжа, часам яны здаюцца
бясконцымі”, - адзначыў Францішак, нагадаўшы пра цярпенні былых
пакаленняў, якія перажылі акупацыю, дэпартацыю, няведанне адносна лёсу
зніклых без вестак, сорам даносаў і здрадніцтва. “Уся Літва можа гэта
засведчыць, адчуваючы дрыжыкі ад аднаго толькі ўспаміну пра Сібір або
канцэнтрацыйныя лагеры Вільнюса і Каўнаса ў шэрагу іншых”, - сцвердзіў
Пантыфік.

Святы Айцец перасцярог, што “прага ўлады і славы – гэта найбольш
распаўсюджаныя паводзіны якраз тых, хто не ў стане залячыць памяць сваёй
гісторыі і, магчыма, менавіта таму не згаджаецца і на тое, каб працаваць дзеля
дня сённяшняга”.

“Гэта бясплённае і марнае стаўленне, якое адмаўляецца далучацца да
будаўніцтва сучаснасці, губляючы сувязь з рэчаіснасцю, перажытай нашым
верным народам. Мы не можам быць, як тыя духоўныя “эксперты”, якія толькі
асуджаюць звонку, губляючы час на размовы пра тое, “што трэба рабіць”, -
заўважыў Папа.

Езус, выкрываючы ганебнасць пошукаў славы, першынства і панавання,
“ставіць у цэнтры дзіця – хлапчука з тых, што звычайна зарабляюць дробныя
грошы, выконваючы даручэнні, якія больш ніхто не хоча рабіць”. “Каго Ён
паставіць пасярэдзіне сёння, тут, гэтым нядзельнім ранкам? Хто будзе самым
малым, самым бедным сярод нас? (...) Магчыма, гэта этнічныя меншасці нашага
горада або беспрацоўныя, што вымушаны эміграваць. Можа, гэта самотныя
асобы сталага ўзросту або моладзь, якая не знаходзіць сэнсу жыцця, бо згубіла
свае карані”, - заклікаў да разважання Святы Айцец.

Ён удакладніў, што “пасярэдзіне – значыць, роўнааддалена, так, што ніхто не
можа зрабіць выгляд, нібыта не бачыць, ніхто не можа сцвердзіць, што “гэта
адказнасць іншых”, таму што “я не бачыў” ці “знаходжуся занадта далёка”. Без
самарэкламы, без жадання атрымаць апладысменты або быць першым”.
Францішак заклікаў шматлікіх удзельнікаў Эўхарыстыі “быць Касцёлам, які
вырушае ў дарогу”, “не баяцца выходзіць і ахвяраваць сябе”, “заставацца
нябачнымі ззаду самых малых, забытых, тых, што жыве на перыферыях
жыцця”, прыняць Езуса, “каб Ён прымірыў нашу памяць і суправаджаў нас у
сучаснасці, якая працягвае хваляваць сваімі выклікамі”.

“Як супольнасць, мы адчуваем сябе сапраўды салідарнымі з усім чалавецтвам –
гэтым горадам і усёй Літвой – і яе гісторыяй, хочам аддаць сваё жыццё
служэнню і радасці і праз гэта сказаць усім, што Езус Хрыстус – наша адзіная
надзея”, - завяршыў гамілію Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 верасня 2018, 09:56