Cerca

Vatican News
Фрацішак падчас св. Імшы ў санктуарыі Маці Божай Аглонскай Фрацішак падчас св. Імшы ў санктуарыі Маці Божай Аглонскай  (ANSA)

Францішак у Аглоне: Марыя заклікае нас да братэрства

Панна Марыя стаіць побач з пакутуючымі і заклікае да прабачэння і будавання братэрства, заўважыў Пантыфік падчас св. Імшы, якую цэлебраваў 24 верасня 2018 г. у санктуарыі Маці Божай Аглонскай у Латвіі.

У гаміліі Папа спаслаўся на дэвіз свайго падарожжа ў Латвію: “Пакажы нам сваю Маці”. Ён заўважыў, што на старонках Евангелля св. Яна Панна Марыя з’яўляецца ў дзвюх сітуацыях: на вяселлі ў Кане і пад крыжам свайго Сына Езуса.

Францішак заўважыў, што Марыя паказвае сябе ў першую чаргу побач з тымі, хто пакутуе; з тымі, ад каго ўвесь свет уцякае; побач з тымі, каго судзяць, каго ўсе асуджаюць, каго дэпартуюць.

“Яна не толькі з тымі, хто падвяргаецца прыгнёту ці эксплуатацыі, але і з тымі, хто знаходзіцца “па-за сістэмай”, на ўзбочыне грамадства. З імі ёсць таксама Маці, прыбітая да крыжа неразумення і пакут”

- заўважыў Пантыфік.

Паводле Францішка, Маці Божая таксама паказвае нам, якім чынам трэба прысутнічаць у падобных сітуацыях – не мімалётна і павярхоўна, але рашуча і грунтоўна, каб усе адчужаныя члены грамадства маглі адчуць ласкавую блізкасць гэтай Маці.

“Таксама і мы пакліканы “дакрануцца” да пакут іншых. Выйдзем насустрач нашаму народу, каб суцяшаць і суправаджаць яго. Не будзем баяцца адчуць моц пяшчоты і ўвайсці ў канкрэтнае жыццё іншых”, - заклікаў ён.

Францішак адзначыў важнасць адкрытасці і сапраўднай блізкасці да людзей, бо, паводле яго слоў, не дастаткова толькі знаходзіцца ў адным асяроддзі, але трэба з любоўю прымаць іншых.

“Колькі сужонкаў маглі б распавесці гісторыю таго, як яны былі блізкімі, але не разам; колькі маладых людзей адчуваюць больш гэтай аддаленасці ад дарослых; колькі пажылых людзей адчуваюць халодны дагляд, але не адчуваюць, што аб іх клапоцяцца і прымаюць з любоўю, - зазначыў ён.

Пантыфік заўважыў, што цяжка быць адкрытымі на тых людзей, якія прычынялі зло. Нават у кантэксце палітычнай рэальнасці, варта памятаць, што Марыя паказвае сябе як жанчына, адкрытая на прабачэнне, здольная забываць крыўды, падкрэсліў Папа.

“Мансеньён Слосканс, які спачывае тут, пасля таго, як быў арыштаваны і сасланы далёка, пісаў сваім бацькам: “Прашу вас з глыбіні душы: не дазвольце, каб помста і лютасць пасяліліся ў вашых сэрцах. Калі мы дазволім на гэта, не будзем сапраўднымі хрысціянамі, але фанатычнымі””

- сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў латвійскіх вернікаў зноў адкрыць для сябе каштоўнасць паўсюднага братэрства, а таксама будаваць адзінства з павагай да адментасцяў.

Напраканцы св. Імшы Францішак падзякаваў усім, хто спрычыніўся да арганізацыі яго візіту ў Латвію, у прыватнасці кіраўніку дзяржавы і прадстаўнікаў уладам. Пасля літургіі Папа накіруецца ў рыжскі аэрапорт, адкуль вылеціць у Вільнюс, дзе правядзе бліжэйшую ноч.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 верасня 2018, 11:56