Пошук

Папа падчас сустрэчы з эстонскім істэблішментам Папа падчас сустрэчы з эстонскім істэблішментам 

Святы Айцец: Эстонія – Зямля Марыі

Эстонія – зямля памяці і плённасці, заўважыў Папа падчас сустрэчы з эстонскімі ўладамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, якая адбылася 25 верасня 2018 г. у Таліне.

У прамове Францішак спаслаўся на старажытную назву Эстоніі – “Maarjamaa” (Зямля Марыі). “Гэта імя, якое не толькі належыць да вашай гісторыі, але і з’яўляецца частка вашай культуры”, - сказаў ён і дадаў, што, думаючы пра Маці Божую, узгадвае два словы: памяць і плённасць.

Папа заўважыў, што на працягу гісторыі Эстонія спазнала шмат пакут, звязаных з барацьбой за свабоду і незалежнасць, аднак за апошнія 25 гадоў гэта маленькая краіна зрабіла “крокі гіганта” і знаходзіцца на вяршыні рэйтынгаў, якія тычыцца індэкса чалавечага развіцця, інавацый, свабоды слова, дэмакратыі і палітычных свабод, супрацоўніцтва і сяброўства з рознымі краінамі.

“Улічваючы ваша мінулае і сучаснасць, у нас ёсць прычыны, каб глядзець у будучыню з надзеяй, перад абліччам узніклых выклікаў. Быць зямлёй памяці, значыць мець здольнасць памятаць, што сваім сённяшнім месцам вы абавязаны высілкам, працы, духу і веры вашых бацькоў”, - сцвердзіў Пантыфік.

“[Захаванне ўдзячнай памяці дазваляе атаясамліваць усе вынікі, якімі вы сёння карыстаецеся, з гісторыяй людзей, якія змагаліся, каб зрабіць магчымай гэту свабоду, якая, у сваю чаргу, заклікае вас шанаваць іх, адкрываючы шляхі для тых, хто прыйдзе пасля]”

- дадаў ён.

Гаворачы пра Эстонію як пра “зямлю плённасці” Папа падкрэсліў, што дабрабыт не заўсёды з’яўляецца сінонімам добрага жыцця. Ён заўважыў, што ў сучасным тэхнакратычным грамадстве людзі губляюць сэнс і радасць жыцця, свядомасць супольнасці, укаранёнасці ў народзе, культуры, сям’і. Усё гэта пазбаўляе, асабліва моладзь, здольнасці марыць, рызыкаваць, тварыць.

“[Поўны давер тэхналагічнаму прагрэсу, як адзінай магчымасці для развіцця, можа прывесці да страты здольнасці ствараць сувязі між асобамі, пакаленнямі і культурамі; іншымі словамі, да страты той жыццядайнай тканкі, важнай для адчування сябе часткай адно аднаго і ўдзельнікам супольнага праекту ў шырокім значэнні гэтага слова]”

- сказаў Папа.

Ён адзначыў, што менавіта грамадскія, палітычныя, адукацыйныя і рэлігійныя лідары адказныя за будаванне сувязяў.

Францішак таксама падкрэсліў, што зямля з’яўляецца плённай, калі ўсе члены яе грамадства адчуваюць сябе “дома”, бо няма горшага віду адчужанасці, чым пачуццё адсутнасці каранёў і адсутнасці прыналежнасці.

“Зямля будзе плённай, народ прынясе плады і будзе ў стане рэалізаваць будучыню толькі ў той меры, у якой стварае адносіны прыналежнасці паміж сваімі складальнымі; у той меры, у якой стварае інтэграцыйныя сувязі паміж пакаленнямі і рознымі супольнасцямі, якія яго ўтвараюць; а таксама ў той меры, у якой ламае спіралі, што робяць цьмянымі пачуцці, усё больш аддаляючы людзей адно ад аднаго”, - сказаў Папа.

Францішак запэўніў эстонскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, што ў гэтых намаганнях яны заўсёды могуць разлічваць на падтрымку і дапамогу Каталіцкага Касцёла ў Эстоніі, маленькай супольнасці з “моцным жаданнем спрыяць плённасці гэтай зямлі”.

Навіна ў фармаце аўдыё

Photogallery

Францішак сустрэўся з эстонскім палітычным істэблішментам
25 верасня 2018, 11:10