Пошук

Францішак падчас візіту ў талінскі касцёл святых Пятра і Паўла Францішак падчас візіту ў талінскі касцёл святых Пятра і Паўла 

Францішак у Таліне сустрэўся з беднымі

Місійная вера крочыць вуліцамі нашых гарадоў, прамаўляючы праз канкрэтныя жэсты, заўважыў Папа падчас візіту ў талінскі катэдральны касцёл святых Пятра і Паўла.

У храме Францішак сустрэўся з асобамі, аб якіх клапоцяцца мясцовыя каталіцкія дабрачынныя арганізацыі – ахвярамі алкагалізму, беднымі, самотнымі маці. “Для мяне важна здзейсніць гэты візіт і мець магчымасць знаходзіцца сярод вас”, - падкрэсліў ён.

Спасылаючыся на сведчанне маці дзевяці дзяцей, Папа адзначыў, што “там, дзе ёсць дзеці, ёсць шмат ахвярнасці, але перш за ўсё, там ёсць будучыня, радасць і надзея”. Ён падкрэсліў важнасць хатняга цяпла, якое нараджаецца дзякуючы сумеснаму прабыванню ў сям’і, а таксама заклікаў крочыць наперад, нягледзячы на дыскусіі і праблемы.

Святы Айцец высока ацаніў працу мясцовых Місіянерак Божай Любові, якія не баяцца “быць знакам блізкасці і працягнутай рукой нашага Бога”.

“[Калі вера не баіцца пакінуць камфортныя ўмовы, уключыцца ў гульню, мае адвагу, каб выйсці насустрач іншым, тады атрымлівае здольнасць выказаць самыя прыгожыя словы Настаўніка: “Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго” (Ян 13,34)]”

- сказаў Папа.

“Місійная вера крочыць як гэтыя сёстры па вуліцах нашых гарадоў, нашых кварталаў, нашых супольнасцей, кажучы з дапамогай вельмі канкрэтных жэстаў: стань часткай нашай сям’і’, вялікай сям’і Бога, у якой ёсць месца для кожнага. Не заставайся звонку!”, - заўважыў Пантыфік.

Францішак спаслаўся таксама на сведчанне мужчыны, які 25 гадоў правёў у турме, а потым сустрэў людзей, дзякуючы якім зразумеў, што Бог яго нястомна шукаў і што з’яўляецца “Яго ўмілаваным дзіцём”.

“[Больш за ўсё Пан радуецца, калі бачыць, што мы нараджаемся нанова, таму Ён ніколі не стамляецца даваць нам новы шанс. Таму важнымі з’яўляюцца сувязі, важна адчуваць, што мы належым адно аднаму, што кожнае жыццё мае сваю каштоўнасць, важна, каб быць гатовымі прысвяціць жыццё гэтаму]”

- адзначыў Папа.

“Я хацеў бы заклікаць вас працягваць будаваць сувязі, выходзіць на вуліцы кварталаў і казаць людзям: таксама і ты з’яўляешся часткай нашай сям’і. Езус паклікаў вучняў і яшчэ сёння кліча кожнага з нас, дарагія браты, каб мы працягвалі сеяць і абвяшчаць Яго Валадарства. Ён разлічвае на вашу гісторыю, на ваша жыццё, на вашы рукі, каб прайсці праз горад і раздзяліць з вамі рэчаіснасць, у якой вы жывяце”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак асабіста прывітаў кожнага з удзельнікаў сустрэчы, пасля чаго накіраваўся на талінскую Плошчу свабоды, каб там узначаліць Эўхарыстыю.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 верасня 2018, 16:01