Пошук

Францішак падчас св. Імшы на Плошчы свабоды ў Таліне Францішак падчас св. Імшы на Плошчы свабоды ў Таліне 

Пантыфік на Імшы ў Таліне: слухаць Бога і шукаць Яго волю

Папа параўнаў дзеі эстонскага народа з вызваленнем з егіпецкай няволі. “Вы ведаеце, што такое барацьба за свабоду, і вы можаце ідэнтыфікаваць сябе з выбраным народам”, - адзначыў ён.

25 верасня 2018 г., падчас св. Імшы на талінскай Плошчы свабоды Францішак узгадаў “Спяваючую рэвалюцыю” – мірныя акцыі пратэсту ў рэспубліках Балтыі ў 1987-1991 гадах, а таксама “Жывы ланцуг” з 2 мільёнаў людзей, які ў 1989 г. злучыў Вільнюс, Рыгу і Талін.

Юдэі, якія прыйшлі на Сінай, ужо спазналі Божую любоў. Гэта былі людзі, якія вырашылі дабравольна ўступіць у запавет любові, таму што Бог першы палюбіў чалавека, заўважыў Святы Айцец. “Калі мы кажам, што мы хрысціяне, калі мы выбіраем пэўны стыль жыцця, мы робім гэта без ціску, каб гэта не быў свайго роду абмен, дзе мы нешта робім, калі Бог зробіць нешта для нас”, - пракаментаваў ён.

“Слухаць і шукаць” – гэта тое, што было важна для выбранага народа, і гэта тое, што важна для хрысціян. Хоць некаторыя думаюць, што сёння сіла нацыі вымяраецца іншымі параметрамі. Ёсць тыя, хто крычыць, і тыя, хто да гэтага крыку дадае пагрозы прымянення зброі, разгортвання войскаў, звярнуў увагу Пантыфік. Ён дадаў, што такое стаўленне “хавае ў сабе адмову ад этыкі, а з ёй і ад Бога”.

 

Быць выбраным народам, не азначае нейкай выключнасці цi сектанцтва, падкрэсліў Пантыфік у сваёй гаміліі. Хрысціяне – “гэта невялікая частка, якая мае даць закваску ўсёй масе, частка, якая не хаваецца, не аддзяляецца, якая не лічыць сябе лепшай ці чысцейшай”.

Папа заўважыў, што сёння большасць эстонцаў не лічаць сябе вернікамі, і ў такой сітуацыі Касцёл павінен пераадолець страх, адмовіцца ад прабывання ў камфортнай прасторы і даваць сведчанне “святога народу”. “Мы не можам паддавацца спакусе і думаць, што святасць толькі для некаторых”, - заўважыў ён.

Францішак заклікаў эстонскіх католікаў дапамагаць асобам, якія апынуліся на ўзбоччы грамадства: ў іх крыецца вобраз Бога, яны з’яўляюцца братамі, адкупленымі Езусам Хрыстом. “Не пакідайце гэта іншым, тым, якія прыйдуць пазней, пасля нас, не рабіце гэта праблемай, якую павінны вырашаць установы. Менавіта гэта азначае быць хрысціянінам, гэта святасць, якой жывуць кожны дзень”, - сказаў Папа ў сваёй гаміліі.

Пасля заканчэння св. Імшы, якая стала апошнім пунктам Апостальскага візіту Францішка ў Літву, Латвію і Эстонію, ён падзякаваў за гасціннасць “невялікай супольнасці з вялікім сэрцам”, як ён назваў Каталіцкі Касцёл у Эстоніі.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 верасня 2018, 13:27