Папа з украінскімі дзецьмі падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа з украінскімі дзецьмі падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Папу ўручылі “Кнігу Дабра” і падзякавалі за дапамогу Украіне

Папа сустрэўся з украінскімі дзецьмі. 8 жніўня 2018 г., пасля агульнай аўдыенцыі, групу Святому Айцу прадставіў Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін.

Палітык падзякаваў Францішку за яго гуманітарную ініцыятыву “Папа для Украіны” і яго “малітвы за мір у краіне”.

Пантыфіку таксама ўручылі ўнікальны асобнік “Кнігі Дабра”, падрыхтаванай дзецьмі. “Гэта ўнікальнае выданне, зробленае ўручную на паперы з бавоўны і траў, сабраных у тых рэгіёнах, адкуль былі дасланыя 50 рэальных апавяданняў і 50 малюнкаў пра дабро, з’яўляецца адлюстраваннем дзіцячага бачання чалавечнасці, шчырасці і спагады ў паўсядзённым жыцці”, - гаворыцца на сайце МЗС Украіны. У працы над выданнем прынялі ўдзел больш за 300 тыс. чалавек – дзеці і дарослыя з усёй Украіны.

За апошнія два гады тысячы мірных жыхароў зоны АТА ва Украіне атрымалі медыцынскую і гуманітарную дапамогу дзякуючы акцыі “Папа для Украіны”, якую асабіста ініцыяваў Святы Айцец Францішак. Выканаўчымі партнёрамі сталі ўкраінскія і міжнародныя арганізацыі, дабрачынныя фонды і парафіяльныя супольнасці, якія рэалізуюць гуманітарныя праекты ў Данецкай, Луганскай, Запарожскай, Дняпроўскай, Харкаўскай абласцях і Кіеве.

Дзякуючы гэтым сродкам людзі атрымалі лекі і медыцынскую дапамогу, прадукты харчавання, паліва і цвердапаліўныя катлы, насенне для сяўбы. Таксама на тэрыторыі так званай “шэрай зоны” праводзіліся летнікі для дзяцей, якія засталіся там, нягледзячы на баявыя дзеянні.

Гэтая акцыя з’яўляецца ўнікальнай яшчэ і таму, што за час існавання незалежнай Украіны яна стала першым плённым супрацоўніцтвам католікаў і пратэстантаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 жніўня 2018, 12:36