Пошук

Папа сярод міністрантаў Папа сярод міністрантаў 

Папа адказаў на пытанні моладзі: шлях да святасці не для гультаёў

На пяць пытанняў маладых вернікаў адказаў Францішак падчас сустрэчы з больш чым 60 тыс. міністранатаў і міністрантак з 19 краін, якія прыбылі ў пілігрымцы ў Рым.

Мерапрыемства было арганізавана ўжо ў 12-ы раз Міжнароднай асацыяцыі “Coetus Internationalis Ministrantium”. Сёлетні дэвіз: “Шукай міру, ідзі за ім!”.

Першае пытанне тычылася міру і яго будавання ў сем’ях, краінах і свеце. Пантыфік нагадаў, што “пошукі міру пачынаюцца з дробязяў”. У сітуацыі канфліктаў, трэба заўсёды пытаць сябе: “Што б зрабіў Езус на маім месцы”. Калі гэта адбудзецца, унясём спакой Хрыста ў паўсядзённае жыццё і станем прыладай міру ў Яго руках, сказаў Папа.

“Як міністранты вы рэальна адчуваеце досвед Марты і Марыі”, - пацвердзіў Святы Айцец, адказваючы на пытанне пра магчымасць сузірання Хрыста і разумення таго, што Ён чакае ад нас. Цудоўна, калі з аднаго боку міністрант удзельнічае ў набажэнствах і жыцці парафіі, а з другога, умее застацца ў цішыні, у прысутнасці Бога. Менавіта праз гэтае перапляценне дзеяння і сузірання можна пазнаць Божы план адносна сябе, звярнуў увагу Папа.

Рэпартаж з сустрэчы Папы з міністрантамі

Трэцяе пытанне было пра многіх маладых людзей, якія сыходзяць з Касцёла, і пра спосабы вярнуць іх у супольнасць. На думку Францішка, такой моладзі патрэбныя сябры, якія дадуць добры прыклад, не прыкідваюцца, не чакаюць нечага ўзамен, ведаюць каштоўнасць малітвы, Эўхарыстыі і Евангелля, здольныя прадэманстраваць на сваім прыкладзе прыгажосць супольнасці Касцёла.

“[Тут не трэба шмат слоў, больш важнымі з’яўляюцца факты, блізкасць, служэнне]”

, - нагадаў Папа.

“Многія людзі кажуць, што іх жыццё не мае патрэбы ў Богу, рэлігіі і Касцёле. Чаму нехта павінен выбраць менавіта каталіцкую веру? (...) І чаму вера так важная для вас?”, - так гучала чацвёртае пытанне маладых людзей да Святога Айца. Францішак параўнаў веру з паветрам, без якога чалавек не можа жыць. “З кожным удыхам мы не думаем, наколькі патрэбна паветра, але калі яно адсутнічае ці не з’яўляецца чыстым, разумеем, наколькі важнае! (...) Вера дапамагае нам зразумець сэнс жыцця: ёсць нехта, хто любіць нас бясконца, і гэты нехта – Бог”, - адказаў Пантыфік.

Справы міласэрнасці, пра якія гаворка ішла ў пятым пытанні, Францішкак назваў “канкрэтызацыяй запаведзі любові”, што прадэманстраваў нам Езус. “Для рэалізацыі ўчынкаў міласэрнасці не трэба ісці ва ўніверсітэт і атрымліваць дыплом”, - сказаў ён. Дастаткова толькі аднаго пытання: “Што я магу сёння зрабіць, каб заспакоіць патрэбы майго бліжняга?”. І не важна, хто гэта будзе: сябар ці незнаёмы, зямляк ці замежнік. “Гэта праўда, што ўсё не так проста. Гэта патрабуе намаганняў, але шлях да святасці не для гультаёў”, - звярнуў увагу Пантыфік, адказваючы на пытанні моладзі.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 жніўня 2018, 12:20