Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Папа перад “Анёл Панскі”: Эўхарыстыя – само жыццё Бога

Эўхарыстыя фармуе нас так, каб мы жылі не толькі для сябе, а для Бога і для нашых братоў, звярнуў увагу Папа, разважаючы над фрагментам Евангелля, прызначанага на XX Звычайную нядзелю (Ян 6, 51-58).

Спажываючы св. Камунію, мы можам прыпадобніцца да Хрыста, Яго пачуццяў і стаўлення, сказаў Святы Айцец 19 жніўня 2018 г. у медытацыі перад малітвай “Анёл Панскі”.

Прапануем поўны тэкст разважання Францішка.

“Фрагмент Евангелля сённяшняй нядзелі ўводзіць нас у другую частку прамовы Езуса ў сінагозе Кафарнаума, пасля кармлення вялікага натоўпу пяццю хлябамі і дзвюма рыбамі: так званага размнажэння хлябоў. Ён прадстаўляе сябе як “хлеб жывы, які сышоў з неба”, хлеб, які дае жыццё вечнае, і дадае: “Хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету” (Ян 6, 51). Гэты фрагмент мае вырашальнае значэнне, і на самой справе выклікае рэакцыю слухачоў, якія пачынаюць спрачацца паміж сабой: “Як Ён можа даць нам есці сваё цела?” (Ян 6, 52). Калі знак падзеленага хлеба вядзе да свайго сапраўднага значэння, да дару сябе, да ахвяравання сабой, з’яўляецца неразуменне, адбываецца нават адчужэнне Таго, каго хвіліну таму хацелі несці ў трыумфальнай працэсіі. Нагадаем, што Езус павінен быў хавацца, паколькі людзі жадалі зрабіць Яго каралём.

Езус працягвае казаць: “Калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця” (Ян 6, 53). Тут, побач з целам, з’яўляецца таксама і кроў. Цела і кроў на мове Бібліі азначаюць канкрэтнае чалавецтва. Людзі і самі вучні разумеюць, што Езус прапануе ім увайсці ў камунію з Ім, “спажыць” Яго, Яго чалавецтва, каб падзяліць з Ім дар жыцця для свету.

“[Гэта зусім іншае, чым трыумф і ілюзія поспеху! Гэта ахвяра Езуса, Які ахвяруе сябе за нас.]”

Гэты хлеб жыцця, сакрамэнт Цела і Крыві Хрыста, даецца нам за сталом Эўхарыстыі бязвыплатна. Ля алтара мы знаходзім тое, што нас корміць і здавальняе нашу духоўную смагу сёння і назаўсёды. Кожны раз, калі мы прымаем удзел у св. Імшы, у пэўным сэнсе, абвяшчаем неба на зямлі, бо з эўхарыстычнага пасілку, Цела і Крыві Езуса, мы вучымся, што такое жыццё вечнае. Гэта жыццё для Пана: “Хто есць Мяне, будзе жыць Мною” (Ян 6, 57). Эўхарыстыя фармуе нас так, каб мы жылі не толькі для сябе, а для Бога і для нашых братоў.

“[Шчасце і вечнасць жыцця залежаць ад нашай здольнасці зрабіць плённай евангельскую любоў, якую мы атрымліваем у Эўхарыстыі.]”

Сёння, Езус, як рабіў гэта некалі, паўтарае кожнаму з нас: “Калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця” (Ян 6, 53). Браты і сёстры, гаворка не пра матэрыяльную ежу, але жывы і ажыўляючы хлеб, які перадае само Божае жыццё. Калі мы прыступаем да св. Камуніі, атрымліваем само жыццё Бога. Для таго, каб мець гэтае жыццё, трэба карміцца Евангеллем і любоўю да братоў. Адказваючы на запрашэнне Езуса, каб спажываць Яго Цела і Кроў, мы можам адчуваць неабходнасць спрачацца і супраціўляцца, як гэта рабілі слухачы ў сённяшнім Евангеллі. Гэта адбываецца тады, калі нам цяжка фармаваць наша жыццё ў адпаведнасці з жыццём Езуса, прытрымлівацца Яго крытэрыяў, а не крытэрыяў свету. Спажываючы гэтую ежу, мы можам цалкам прыпадобніцца да Хрыста, Яго пачуццяў, Яго стаўлення. Гэта вельмі важна: ісці на св. Імшу, прымаць св. Камунію. Паколькі прыняцце св. Камуніі з’яўляецца спажываннем жывога Хрыста, Які ператварае нас унутрана і рыхтуе нас да неба.

Няхай Дзева Марыя падтрымлівае наша рашэнне, ствараць камунію з Езусам Хрыстом, сілкуючыся Яго Эўхарыстыяй, каб станавіцца пераламаным хлебам для нашых братоў”, - сказаў Пантыфік.

Пасля “Анёл Панскі” Францішак прывітаў пілігрымаў, сярод якіх была моладзь з Украіны. Разам з Пантыфікам, паводле ацэнак Ватыканскай жандармерыі, на плошчы св. Пятра маліліся 20 тыс. чалавек.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 жніўня 2018, 13:34