Cerca

Vatican News
Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі"  (ANSA)

Папа: Езус прагне заспакоіць самы глыбокі голад чалавека

Развіваць адносіны з Панам, які з’яўляецца “хлебам жыцця”, што прыйшоў, каб заспакоіць наш голад праўды, справядлівасці, любові, заклікаў Папа 5 жніўня 2018 г. перад малітвай “Анёл Панскі”.

“У гэтыя апошнія нядзелі літургія паказала нам поўны пяшчоты вобраз Езуса, які выходзіць насустрач народу і яго патрэбам, - заўважыў Пантыфік. - У сённяшнім евангельскім апавядананні (пар. Ян 6,24-35) перспектыва змяняецца: цяпер народ, спрагнёны па Езусе, чарговы раз пачынае шукаць Яго. Але Езусу не дастаткова, каб людзі Яго шукалі. Ён прагне, каб людзі ведалі Яго, каб пошук Яго і сустрэча з Ім ішлі далей за імгненнае задавальненне матэрыяльных патрэбаў.

“Езус прыйшлоў, каб прынесці нам штосьці большае, каб адкрыць наша жыццё на больш шырокі далягляд у параўнанні з штодзённымі турботамі аб насычэнні, адзенні, кар’еры і г.д.”

Таму, звяртаючыся да народу, Ён усклікнуў: “Шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся” (Ян 6,26). Так Ён стымулюе людзей зрабіць крок наперад, задумацца аб значэнні цуда, а не толькі атрымаць ад яго выгаду. Сапраўды, памнажэнне хлябоў і рыбаў – гэта знак вялікага дару, які Айцец зрабіў для чалавецтва і якім з’яўляецца сам Езус!

Ён, сапраўдны “хлеб жыцця” (Ян 6,35), прагне насыціць не толькі целы, але таксама і душы, даючы духоўны пасілак, які можа заспакоіць самы глыбокі голад.

“Таму Ён заклікае народ паклапаціцца не пра хлеб, які гіне, але пра той, які застаецца на вечнае жыццё. Гаворка ідзе пра ежу, якую Езус дорыць нам штодзённа: Яго слова, Яго Цела, Яго Кроў.”

Народ слухае запрашэнне Пана, але не разумее сэнсу – як часта здараецца таксама і з намі, – і пытаецца: “Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?” (Ян 6,28). Слухачы Езуса думаюць, што Ён просіць іх захоўваць прадпісанні, каб атрымаць іншыя цуды, нападабенства памнажэння хлябоў.

Гэта шырока распаўсюджаная спакуса – зводзіць рэлігію да практыкавання прадпісанняў, праецыруючы на нашыя адносіны з Богам вобраз адносін паміж слугамі і іх гаспадаром: слугі павінны выконваць заданні, якія ім даў гаспадар, каб ён быў да іх добразычлівым. Гэта мы ведаем усе. Таму людзі жадаюць даведацца ад Езуса, што яны павінны рабіць, каб задаволіць Бога. Але Езус дае нечаканы адказ: “У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў” (Ян 6,29).

“Гэтыя словы скіраваны сёння таксама да нас: справа Бога не столькі заключаецца ў тым, каб “рабіць” штосьці, але “верыць” у Таго, каго Ён паслаў; гэта значыць, што вера ў Езуса дазваляе нам спаўняць Божыя справы.”

Калі дазволім Яму ўключыць нас ў гэтыя адносіны любові і даверу з Езусам, будзем здольнымі здзяйсняць добрыя справы, што маюць водар Евангелля, дзеля дабра і патрэбаў братоў.

Пан запрашае нас не забываць, што, калі неабходна клапаціцца пра матэрыяльны хлеб, то яшчэ важней развіваць адносіны з Ім, умацоўваць нашу веру ў Яго, “хлеб жыцця”, што прыйшоў, каб заспакоіць наш голад праўды, справядлівасці, любові. Няхай Панна Марыя, у дзень калі ўзгадваем пасвячэнне базылікі Санта-Марыя-Маджорэ ў Рыме, “Salus Populi Romani”, падтрымлівае нас на нашым шляху веры і дапаможа нам з радасцю даверыцца задуме Бога адносна нашага жыцця”.

Пасля марыйнай малітвы Пантыфік прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра вернікаў і ўдзяліў сваё благаслаўленне, заклікаючы не забываць маліцца за яго.

Рэпартаж з малітвы "Анёл Панскі" ў Ватыкане
Навіна ў фармаце аўдыё
05 жніўня 2018, 12:30