Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: адгартацыю “Amoris Laetitia” трэба чытаць цалкам

У адгартацыі “Amoris Laetitia” праблемы сучаснай сям’і разглядаюцца згодна з настаўніцкай герменэўтыкай Касцёла, падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік скіраваў ліст да англійскага тэолага і пісьменніка Стывена Уолфарда – главы сям’і і бацькі пяці дзяцей, аўтара кнігі “Папа Францішак, сям’я і развод. У абарону праўды і міласэрнасці” (Pope Francis, the family and divorce. In Defense of Truth and Mercy), прысвечанай адгартацыі “Amoris Laetitia”.

У лісце, які быў апублікаваны італьянскім каталіцкім часопісам “La Civiltà Cattolica”, і паслужыць прадмовай да кнігі Уолфарда, Пантыфік адказаў на просьбу тэолага і падзяліўся некалькімі думкамі адносна паслясінадальнага дакумента.

Папа заўважыў, што адгартацыя з’яўляецца “плёнам доўгага шляху Касцёла, які ўключаў два Сіноды і кансультацыі з мясцовымі Касцёламі”, прадстаўленыя біскупскімі канферэнцыямі, а таксама з інстытутам кансэкраванага жыцця і іншымі каталіцкімі структурамі, такімі як універсітэты і асацыяцыі свецкіх вернікаў. “Увесь Касцёл маліўся, разважаў, з прастатой прапануючы розныя рашэнні”, - падкрэсліў Папа.

“[Тое, што мяне найбольш уразіла ва ўсім гэтым працэсе – гэта жаданне шукаць Божую волю, каб лепш служыць Касцёлу. Шукаць, каб служыць]”

- напісаў Францішак

“Гэта адбывалася шляхам разважання, абмену меркаваннямі, малітвы і распазнання. Вядома, што на гэтым шляху існавалі спакусы, але Божы Дух перамог. Быць сведкам гэтага – гэта крыніца духоўнай радасці”, - дадаў ён.

Папа звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што адгартацыя “Amoris Laetitia” – гэта цэласнасны дакумент, а каб зразумець яго пасланне, трэба чытаць яго цалкам і ад самага пачатку. 

“[Калі адгартацыю не чытаць цалкам, з павагай да яе цэласнасці і таго парадку, у якім яна была напісана, тады яе змест будзе незразумелым або яго разуменне будзе скажоным]”

- падкрэсліў Пантыфік.

Паводле Папы, кніга Уолфарда можа быць карыснай для многіх сем’яў, таму што ў ёй сямейныя праблемы прадстаўлены вельмі канкрэтным чынам і з пункту гледжання розных аспектаў, падобна як і ў адгартацыі “Amoris Laetitia”, якая глядзіць на этычныя сітуацыі ў духу “класічнага вучэння св. Тамаша Аквінскага”.

“У адгартацыі закранаюцца актуальныя і канкрэтныя праблемы: сям’я ў сучасным свеце, выхаванне дзяцей, падрыхтоўка да сужэнства, сем’і ў цяжкасцях і іншыя. Гэтыя аргументы разглядаюцца згодна з гермэнэўтыкай, якая вынікае з усяго дакумента і з’яўляецца настаўніцкай герменэўтыкай Касцёла, заўсёды ў пераемнасці (і без разрываў), але і заўсёды у працэсе сталення”, - падкрэсліў Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 жніўня 2018, 10:23