Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане  (AFP or licensors)

Пантыфік: каб любіць, трэба быць вольным ад ідалаў

Каб па-сапраўднаму любіць, трэба быць вольным ад ідалаў, падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 1 жніўня 2018 г. прайшла ў Ватыкане. Яна стала першай пасля месяцу летняга перапынку.

Святы Айцец прысвяціў сваю катэхезу першай Божай запаведзі: “Не май іншых багоў, апроч Мяне”, звяртаючыся да тэмы ідалапаклонства.

Па словах Францішка, сучасны свет прапануе цэлы “супермаркет” ідалаў, якімі могуць быць рэчы, выявы, ідэі, ролі. Гаворачы пра распаўсюджаную сёння з’яву варажбы на картах і хірамантыю, ён заўважыў, што аднойчы, у адным аргентынскім парку, сам стаў сведкам таго, якая вялікая колькасць людзей звярталася да гэтых практык.

“Замест таго, каб маліцца Богу, Які з’яўляецца провідам будучыні, яны прыходзілі туды, каб варажыць на картах і ўбачыць будучыню. Гэта ідалапаклонства нашага часу”

- заўважыў Папа.

“Я пытаюся ў вас: колькі з вас звярталася да варажбы на картах, каб убачыць будучыню? Колькі з вас, напрыклад, звярталася да варажбы на далонях, каб убачыць будучыню, замест таго, каб маліцца Пану? Розніца вось у чым: Пан – жывы. Іншае – гэта ідалы, гэта непатрэбнае ідалапаклонства”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа заўважыў, што пакланенне ідалам пачынаецца з апантанасці нейкай рэччу ці пэўнай задумай, прагненнем заняць пэўную пазіцыю. Чалавеку можа здавацца, што гэта цудоўны шлях да шчасця, сапраўдная вежа, каб дакрануцца да неба, і ўсё для яго становіцца падпарадкаваным гэтай мэце.

Затым ідалы пачынаюць патрабаваць пакланення, рытуалаў, ахвяравання ўсім. Як у старажытнасці ім прыносіліся чалавечыя ахвяры, таксама робіцца і сёння: дзеля кар’еры людзі ахвяруюць дзецьмі, дзеля прыгажосці жанчыны праводзяць цэлыя гадзіны перад люстэркам, дзеля славы многія ахвяруюць сабой, уласнай нявіннасцю і шчырасцю. “Ідалы патрабуюць крыві”, - падкрэсліў Папа.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі з Папам

“Грошы крадуць жыццё, а задавальненні прыводзяць да адзіноты. Эканамічныя структуры ахвяруюць чалавечым жыццём дзеля большага прыбытку. Падумаем пра вялікую колькасць беспрацоўных. Чаму так адбываецца? Таму што ўладальнікі прадпрыемстваў вырашылі звольніць людзей, каб зарабляць больш грошай. Залаты цялец... Людзі жывуць у крывадушнасці, робячы і кажучы тое, што іншыя ад іх чакаюць, таму што бажок самасцвярджэння ад іх гэтага патрабуе. Такім чынам разбураюцца жыцці, распадаюцца сем’і, моладзь застаецца пад кантролем дэструктыўных мадэляў, толькі для таго, каб павялічыць прыбытак. Таксама і наркотыкі – гэта ідал. Колькі маладых людзей згубілі здароўе і нават жыццё пакланяючыся бажку наркотыкаў”, - заўважыў Святы Айцец.

Папа зазначыў, што ідалы знявольваюць чалавека. Яны абяцаюць шчасце, але не даюць яго. Асоба трапляе ў вір самазнішчэння, калі пачынае жыць дзеля свайго ідала, чакаючы выніку, які ніколі не прыйдзе. “Дарагія браты і сёстры, ідалы абяцаюць жыццё, але на самой справе пазбаўляюць яго”, - сказаў Францішак, і дадаў, што супрацьлеглым шляху ідалапаклонства з’яўляецца шлях любові, якому вучыць Бог.

“Любоў не можа прымірыцца з ідалапаклонствам: калі нешта становіцца абсалютным і недатыкальным, апынаецца больш важным за сужонка, дзіця ці сяброўства”

- сказаў Папа

“Прывязанасць да аб’екту або ідэі робіць нас сляпымі для любові. Такім чынам, ідучы за ідаламі, мы можам нават адрачыся ад бацькі, маці, дзяцей, жонкі, мужа, сям’і... Самага дарагога. Прывязанасць да аб’екту або ідэі робіць нас сляпымі ў адносінах да любові. Прыміце гэта да сэрца: ідалы крадуць любоў, ідалы робяць нас сляпымі ў адносінах да любові, а каб любіць па-сапраўднаму, трэба быць свабоднымі ад ідалаў”, - падкрэсліў ён.

У завяршэнне аўдыенцыі Францішак заклікаў наследаваць прыклад св. Альфонса Марыі Лігуоры, літургічны ўспамін якога адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле. Гэты руплівы пастыр праз сваю сціпласць і лагоднасць, здабыў вялікую колькасць людскіх сэрцаў для Бога, падкрэсліў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

01 жніўня 2018, 12:45