Бэта версія

Cerca

Vatican News
Святы Дамінік Святы Дамінік 

Францішак узгадаў св. Дамініка і св. Тэрэзу Бэнэдыкту ад Крыжа

Францішак нагадаў, што Касцёл у гэты дзень святкуе літургічны ўспамін св. Дамініка – заснавальніка Ордэна Прапаведнікаў, і апякункі Еўропы, св. Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа – Эдыты Штайн.

На завяршэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 8 жніўня 2018 г. у Ватыкане, гаворачы аб св. Дамініку, Папа выказаў пажаданне, каб узор гэтага вернага слугі Хрыста і Касцёла стаў для ўсіх стымулам і натхненнем. Ён таксама павіншаваў сённяшніх імяніннікаў.

Нагадваючы пра забітую нацыстамі Эдыту Штайн, Францішак назваў яе жанчынай паслядоўнай, якая сумленна шукала Бога, мучаніцай за свой яўрэйскі і хрысціянскі народ. “Няхай яна, апякунка Еўропы, заступаецца і абараняе Еўропу з неба”, - сказаў Папа.

Дамінік (Дамінго Гусман) нарадзіўся ў Іспаніі каля 1170 г. Атрымаўшы святарскае пасвячэнне, ён разам са сваім сябрам біскупам Дыего дэ Асэвэдо падарожнічаў па Еўропе. На Поўдні Францыі яго ўразілі сумныя наступствы распаўсюджаных у той час ерасяў альбігойцаў і вальдэнсаў. Дамінік вырашае прысвяціць сябе місіянерскай дзейнасці і сведчыць аб сапраўдным Касцёле Хрыстовым.

За некалькі гадоў плённай працы Дамініку ўдаецца навярнуць шмат падманутых ератыкамі людзей, і вакол яго збіраецца кола аднадумцаў. У 1215 г. яны стварылі жабрачы закон вандроўных прапаведнікаў – дамініканцаў, які ўжо праз год быў зацверджаны Папам. Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці закона сталі ўбоства і навука, скіраваная на абарону чысціні веры Касцёла. Дамінік стварыў таксама жаночую супольнасць закону. Ён памёр 6 жніўня 1221 г. у Балоньі і быў там пахаваны.

Эдыта Штайн нарадзілася 12 кастрычніка 1891 г. у яўрэйскай сям’і ў Вроцлаве. Яе бацька памёр, калі Эдыце было толькі два гады. Маці выхоўвала дзевяцярых дзяцей у юдэйскай традыцыі, але ў 14 гадоў Эдыта лічыла сябе атэісткай. Атрымаўшы атэстат сталасці, яна паступіла ва ўніверсітэт і пачала вывучаць філасофію. Пасля абароны дысертацыі Эдыта працавала ў Фрыбургу асістэнткай вядомага фенаменолага Эдмунда Гусерля.

Аднойчы яна была моцна ўражана незвычайным даверам да Бога адной жанчыны, муж якой загінуў на вайне, і тады ў Эдыты абудзілася цікавасць да хрысціянства. Зрабіць канчатковы выбар на карысць Хрыста ёй дапамог жыццяпіс св. Тэрэзы Авільскай, прачытаўшы які, Эдыта Штайн ва ўзросце 31 года вырашыла прыняць хрост, хоць гэта і выклікала асуджэнне з боку родных. У 1934 г. яна ўступіла ў ордэн кармелітак у Кёльне, нягледзячы на пачуццё віны перад маці, якая намагалася стрымаць яе ад гэтага кроку. Эдыта прыняла ў ордэне імя Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа.

Пасля смерці маці па прыкладзе Эдыты яе сястра Ружа таксама ахрысцілася і ўступіла ў кляштар. Калі нацысты пачалі барацьбу за “расавую чысціню”, Эдыта з сястрою перабраліся ў кармеліцкі кляштар у Галандыю, каб не ствараць праблем для сясцёр у Кёльне, але і там неўзабаве пачалася “чыстка”. Сясцёр Штайн арыштавалі і адправілі ў Асвенцім, дзе яны і загінулі ў газавай камеры 9 жніўня 1942 г. Кармелітка, філосаф і мучаніца Эдыта Штайн была ў 1998 г. кананізаваная Янам Паўлам ІІ, які абвясціў яе апякункаю Еўропы.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 жніўня 2018, 11:13