Св. Імша падчас 136-й Вышэйшай Канвенцыі “Рыцараў Калумба”. Балтымор, ЗША. Св. Імша падчас 136-й Вышэйшай Канвенцыі “Рыцараў Калумба”. Балтымор, ЗША. 

Францішак папрасіў “Рыцараў Калумба” далей дапамагаць Касцёлу

Папа падтрымаў намаганні “Рыцараў Калумба” па дапамозе бедным і тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, гаворыцца ў прывітальным слове, якое ад імя Пантыфіка скіраваў кардынал Пьетра Паралін.

Дзяржсакратар Яго Святасці запэўніў сабраных у Балтыморы, штат Мэрыленд, удзельнікаў 136-й Вышэйшай Канвенцыі ў малітве Святога Айца за поспех сустрэчы.

Папа выказаў удзячнасць за тэму сёлетняга форуму: “Рыцары Калумба – Рыцары Міласэрнасці”, спасылаючыся на паходжанне і гісторыю гэтага найбуйнейшага каталіцкага аб’яднання лаікату. Ён адзначыў, што справы міласэрнасці павінны выказваць наша жаданне наследаваць Хрыста, асабліва праз клопат пра найменшых братоў і сясцёр. Вялікія святыя штодня спалучалі веру, малітву і “практычную міласэрнасць”.

Францішак спадзяецца, што плёнам спецыяльнай праграмы Рыцараў пад назвай “Вера ў дзеянні” стане “крэатыўная любоў”, якая з’яўляецца моцным адказам на новыя формы беднасці і людской патрэбы, што з’яўляюцца сёння ў грамадстве.

У звароце гучыць удзячнасць Папы за працу “Рыцараў Калумба” па абвяшчэнні Евангелля сям’і, падтрымцы мужчын у іх пакліканні каталіцкіх мужоў і бацькаў, абароне сапраўднай прыроды сужэнства і сям’і ў грамадстве.

Францішак перакананы, што члены аб’яднання будуць працягваць аказваць падтрымку і дапамогу, перш за ўсё, маладым людзям, якія ў свеце, поўным фактараў супярэчных з Евангеллем, імкнуцца быць вернымі вучнямі Хрыста і вернымі сынамі Касцёла.

Пантыфік таксама выказаў падзяку за дабрачынную дзейнасць “Рыцараў Калумба” сярод хрысціян, якіх пераследуюць за веру. Ён папрасіў членаў аб’яднання і іх сем’і працягваць маліцца за мір на Блізкім Усходзе, навяртанне сэрцаў, шчырае імкненне да дыялогу і справядлівае вырашэнне канфліктаў.

“Рыцары Калумба” (Knights of Columbus) – гэта міжнародная арганізацыя каталіцкіх мужчын. Яны працуюць у некалькіх краінах свету і маюць у сваіх шэрагах каля 2 мільёнаў асоб. Іх прынцыпамі з’яўляюцца: дабрачыннасць, адзінства, братэрства і патрыятызм. Арганізацыю заснаваў у 1882 г. у амерыканскім Нью-Хэвэне 29-гадовы кс. Майкл МакГіўні. 15 сакавіка 2008 г. Бэнэдыкт XVI зацвердзіў дэкрэт аб гераічнасці цнот гэтага святара.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 жніўня 2018, 12:17