Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з ірландскімі біскупамі Папа падчас сустрэчы з ірландскімі біскупамі  (ANSA)

Папа: барацьба Касцёла са злоўжываннямі – прыклад для ўсіх

На заканчэнне свайго візіту ў Ірландыю Францішак даў настаўленні мясцовым біскупам, з якімі сустрэўся вечарам 26 жніўня 2018 г. у дамініканскім кляштары ў Дубліне.

Святы Айцец падкрэсліў, што жадае падтрымаць дзейнасць мясцовага епіскапату. “Я асабліва ўдзячны вам за клопат, які вы аказваеце бедным, адчужаным і патрабуючым дапамогі, як аб гэтым сведчыць ваш нядаўні пастырскі ліст на тэму бяздомных і залежнасцей. Я таксама ўдзячны за дапамогу, якую вы аказваеце вашым святарам, боль і расчараванне якіх, па прычыне нядаўніх скандалаў, часта ігнараваліся”, - сказаў Пантыфік.

Адной з тэмаў размовы Францішка з іерархамі былі злоўжыванні ў Касцёле ў Ірландыі і выпраўленне памылак мінулага. Ён высока ацаніў строгі падыход епіскапату да стварэння бяспечных умоў для непаўналетніх у касцёльных структурах.

“У Ірландыі, як і іншых месцах, сумленнасць і ўсебаковасць, з якой Касцёл вырашыў пераадолець гэтую балючую главу сваёй гісторыі, можа стаць прыкладам і заклікам для ўсяго грамадства. Працягваеце так і надалей”

- заахвоціў біскупаў Пантыфік.

Святы Айцец прызнаў, што раны, нанесеныя злоўжываннямі, з’яўляюцца вельмі балючымі, але заклікаў памятаць, што “мы былі збаўлены дзякуючы прыніжэнню Божага Сына”, а гэта павінна напаўняць адвагай.

“Раны Хрыста даюць нам мужнасць. Калі ласка, прашу вас аб блізкасці да Пана і Божага люду. Блізкасць... Не паўтарайце паводзінаў, якія характарызаваліся аддаленнем і клерыкалізмам, і часам, у вашай гісторыі, стваралі па-сапраўднаму аўтарытарны, цвёрды і аўтакратычны вобраз Касцёла”

- заахвоціў Пантыфік.

Папа нагадаў, што асноўным выклікам для Касцёла з’яўляецца перадача веры ў яе цэласнасці і прыгажосці, а сем’і – як прадэманстравала Сусветная сустрэча ў Дубліне – становяцца ўсё больш свядомымі сваёй незаменнай ролі ў гэтым кантэксце. Вера павінна галоўным чынам перадавацца ў сям’і, дадаў ён.

Паводле Францішка, на выправабанні, з якімі сустракаецца Касцёл, трэба глядзець як на нагоду для ўнутранага абнаўлення і пошуку новых шляхоў для жыцця і місійнай дзейнасці.

“З пакорай і даверам да Божай ласкі, вы зможаце распазнаць новыя шляхі для гэтых нашых новых часоў і паўстаць на іх. Будзьце адважнымі і крэатыўнымі. Я ўпэўнены, што моцнае місійнае пачуццё, укаранёнае ў душы вашага народа, натхніць вас на крэатыўныя шляхі, каб сведчыць аб праўдзе Евангелля і дапамагаць супольнасці вернікаў узрастаць у любові Хрыста і руплівасці на карысць пашырэння Яго Валадарства”, - сцвердзіў Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 жніўня 2018, 10:34