Бэта версія

Cerca

Vatican News
Францішак падчас звароту да ірландскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў Францішак падчас звароту да ірландскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў  (ANSA)

Папа да палітыкаў: сям’я – гэта сувязнае звяно грамадства

Каштоўнасць сям’і, неабходнасць будавання глабальнай сям’і народаў, трагедыя злоўжыванняў і хрысціянскія карані Ірландыі былі галоўнымі тэмамі першай прамовы Папы падчас яго візіту ў гэту краіну.

У старажытным Дублінскім замку – у самым цэнтры ірландскай сталіцы – 25 жніўня 2018 г. Святы Айцец сустрэўся з прадстаўнікамі палітычных уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Прысутнічала таксама афіцыйная дэлегацыяй Паўночнай Ірландыі, якую Папа прывітаў асаблівым чынам.

Пантыфік нагадаў, што галоўнай мэтай яго візіту з’яўляецца ўдзел у ІХ Cусветнай сустрэчы сем’яў. “Касцёл – гэта сям’я сем’яў і ён адчувае неабходнасць падтрымаць сем’і ў іх намаганні верна і радасна адказваць на пакліканне, дадзенае ім Богам у грамадстве”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што ў Дубліне сем’і могуць не толькі пацвердзіць сваю вернасць, узаемадапамогу, павагу да сакральнага дару жыцця, але таксама даць сведчанне сваёй выключнай ролі ў выхаванні моладзі і ўмацаванні здаровага і квітнеючага грамадства.

Паводле Папы, “неабавязкова быць прарокамі”, каб заўважыць цяжкасці, з якімі сям’я сустракаецца ў сучасным свеце, а таксама прадбачыць разбуральныя наступствы, якія прынясе грамадству занядбанне сужэнства і сямейнага жыцця.

“Сям’я – гэта сувязнае звяно грамадства. Яе дабро не можа лічыцца нечым само па сабе зразумелым, але павінна падтрымлівацца і абараняцца ўсімі належнымі спосабамі”

- падкрэсліў Францішак.

“Гэта ў сям’і кожны з нас робіць першыя крокі ў жыцці. Тут мы навучыліся жыць у гармоніі, кантраляваць уласныя эгаістычныя інстынкты, прыміраць адметнасці і ў першую чаргу распазнаваць і шукаць тыя каштоўнасці, якія даюць сапраўднае значэнне і паўнату жыццю”, - дадаў ён.

Францішак заўважыў, што ўвесь свет патрабуе адзінства і салідарнасці, асабліва ў адносінах да самых слабых братоў і сясцёр. “Як моцна мы патрабуем таго, каб вярнуць, ва ўсіх сферах палітычнага і грамадскага жыцця, адчуванне таго, што з’яўляемся сапраўднай сям’ёй народаў!”, - зазначыў Святы Айцец.

Спасылаючыся на даўні ўнутраны канфлікт, з якога Ірландыя выйшла дваццаць гадоў таму, Папа падкрэсліў, што паводле Евангелля, сапраўдны мір – гэта Божы дар, які вынікае з аздароўленых і прыміраных сэрцаў і ахоплівае ўвесь свет.

“Але з нашага боку ён вымагае пастаяннага навяртання, якое з’яўляецца крыніцай духоўных рэсурсаў, неабходных для будавання па-сапраўднаму салідарнага, справядлівага грамадства, якое служыць супольнаму дабру. Без гэтай духоўнай асновы ідэал глабальнай сям’і народаў рызыкуе ператварыцца ў нішто іншае, як пустыя словы”, - лічыць Пантыфік.

На думку Святога Айца, калі адзінай мэтай становіцца эканамічнае развіццё, то наступае не больш справядлівы грамадскі парадак, але памнажаецца “культура адчужэння” і няўвага да бедных, мігрантаў і самых безабаронных, уключаючы ненароджанных дзяцей.

Каментуючы трагічную сітуацыю, звязаную з сексуальнымі злоўжываннямі, якую назваў правалам духавенства ў Ірландыі, Папа прызнаўся, што глыбока падзяляе абурэнне, боль і сорам каталіцкай супольнасці. Ён падкрэсліў неабходнасць рашучага выпраўлення памылак мінулага і ўсталявання больш строгіх мераў, каб падобныя злачынствы больш не паўтараліся.

“Кожнае дзіця з’яўляецца каштоўным Божым дарам, які трэба бараніць і якому трэба дапамагаць дасягнуць духоўнай і чалавечай сталасці. Касцёл у Ірландыі, у мінулым і сучаснасці, шмат зрабіў дзеля дабра дзяцей і аб гэтым таксама нельга забываць”

- дадаў Святы Айцец.

У апошняй частцы сваёй прамовы Францішак нагадаў, што Апостальская Сталіца была адным з першых міжнародных інстытутаў, які прызнаў незалежнасць Ірландыі. На працягу дзевяноста гадоў, якія мінулі з таго часу, паміж бакамі існавалі адносіны гармоніі і супрацоўніцтва.

Гісторыя гэтых стасункаў з’яўляецца больш старажытнай і сягае да пачатку евангелізацыі на тэрыторыі Ірландыі, дзе дзякуючы сведчанню шматлікіх святых і законнікаў хрысціянскае пасланне стала неад’емнай часткай жыцця і культуры, падкрэсліў Папа.

У сувязі з гэтым Пантыфік выказаў пажаданне, каб “слухаючы поліфанію сучаснай грамадска-палітычнай дыскусіі” Ірландыя “не забыла яскравых мелодый хрысціянскага паслання, якія падтрымлівалі яе ў мінулым і змогуць падтрымліваць у будучыні”.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 жніўня 2018, 14:56