Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: радасць Евангелля прызначана для ўсіх людзей

Папа скіраваў адмысловае пасланне ўдзельнікам V Канферэнцыі па новай евангелізацыі, якая 18-22 ліпеня 2018 г. праходзіць у Маніле, на Філіпінах.

Францішак падкрэсліў, як жыццёва неабходна, каб Касцёл “выходзіў сёння абвяшчаць Евангелле ўсім, ва ўсіх месцах, пры кожнай нагодзе, неадкладна, без непрыязі і без страху”, бо “радасць Евангелля прызначана для ўсіх людзей без выключэння”.

У звароце на імя Апостальскага нунцыя на Філіпінах, арцыбіскупа Габрыэля Кача, Пантыфік даў духавенству і хрысціянскім вернікам Азіі наказ адказваць на выклік “наследавання Хрыста і місійнага пераўтварэння”, які б датычыў “не толькі Філіпінаў, але ўсяго шырокага азіяцкага кантынента і яшчэ далей”.

У сваю чаргу, арцыбіскуп Манілы, кардынал Луіс Антоніа Тагле, падкрэсліў, што Канферэнцыя з’яўляецца “магчымасцю заставацца ўкаранёнымі ў Езусе”, “увасаблёным Евангеллі”, без чаго, упэўнены іерарх, евангелізацыя немагчыма.

У форуме прымаюць удзел больш за 5 тыс. чалавек – святароў, законнікаў і законніц, свецкіх вернікаў. Праграмай Канферэнцыі прадугледжаны шэраг пленарных пасяджэнняў, а таксама дыскусіі адносна катэхізацыі, місіі, жыцця парафій, праблем сям’і і моладзі, пытанняў адукацыі, працаўладкавання, выкарыстання лічбавых сродкаў масавай інфармацыі і сацыяльных сетак.

Першая канферэнцыя па новай евангелізацыі адбылася на Філіпінах у 2013 г. і стала своеасаблівым адказам арцыбіскупа Тагле на заклік папы Францішка да абнаўлення хрысціянскай веры ў азіяцкім кантэксце.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 ліпеня 2018, 12:34