Папа Францішак падчас экуменічнай сустрэчы ў Бары Папа Францішак падчас экуменічнай сустрэчы ў Бары 

Папа да тэолагаў-маралістаў: трэба будаваць масты, а не сцены

Трэба будаваць масты, а не сцены, напісаў Святы Айцец да ўдзельнікаў сустрэчы маральных тэолагаў. 500 чалавек з 80 краін свету сабраліся на прафесійным форуме ў Сараеве.

Члены асацыяцыі “Catholic Theological Etics in the World Church” (Каталіцкая маральная тэалогія ў Паўсюдным Касцёле) сустракаюцца ў гэтыя дні ў Сараеве. У форуме ўдзельнічаюць каля 500 чалавек з 80 краін свету.

У сваім пасланні Францішак падкрэсліў сімвалічнае значэнне сталіцы Босніі і Герцагавіны як горада навядзення мастоў, дзе рэалізуецца паяднанне і аднаўленне міру пасля нядаўняй вайны на Балканах.

Звяртаючыся да тэмы сустрэчы – неабходнасці будавання мастоў, а не сцен, – Папа адзначыў, што часта сам нагадвае аб гэтым у сувязі з рознымі сустрэчамі, хоць яго заклікі сутыкаюцца з рознымі відамі супраціву.

“[Не адмаўляючыся ад разважлівасці, мы пакліканы распазнаваць кожны знак і мабілізаваць усю нашу энергію, каб выдаліць сцены падзелу і будаваць масты братэрства ў свеце]”

, - адзначыў Святы Айцец.

Францішак указаў на неабходнасць узяць пад увагу экалагічныя праблемы, паколькі некаторыя аспекты гэтых пытанняў могуць прыводзіць да сур’ёзнай няроўнасці не толькі з пункту гледжання адносін паміж чалавекам і прыродай, але і паміж пакаленнямі і народамі. Яны забяспечваюць фон для больш шырокага разумення як экалагічнай, так і сацыяльнай этыкі.

На думку Пантыфіка, клопат пра мігрантаў і бежанцаў прыводзіць да навяртання, якое можа спрыяць этычнай і тэалагічнай рэфлексіі, што мабілізуе да адпаведнага душпастырскага стаўлення і адказных і свядомых палітычных дзеянняў.

Папа падкрэсліў існаванне неабходнасці ў асобах і ўстановах, здольных браць на сябе задачу новага кіраўніцтва.

“[Нікому не патрэбны шум заяў, якія часта застаюцца пустымі. Нам не патрэбны антаганізм паміж бакамі, якія змагаюцца за панаванне. Існуе неабходнасць у лідарстве, якое можа дапамагчы выявіць і рэалізаваць для ўсіх больш справядлівы стыль, каб жыць у гэтым свеце, як удзельнікі агульнага лёсу]”

, - напісаў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў неабходнасць супрацоўніцтва ў гэтай справе маральных тэолагаў па ўсім свеце, каб пабудаваць сетку адносін і дыялогу. “Рэалізацыя такога падыходу можа натхніць да аналізу, які будзе больш праніклівым і прыцягне ўвагу да складанасці чалавечай рэальнасці. І мы самі будзем вучыцца ўсё больш і больш, як быць вернымі Слову Божаму, што кідае нам выклік у гісторыі і салідарнасці з светам, які трэба не судзіць, а прапанаваць яму новы шлях, суправаджаць у працэсах, загойваць раны і ўмацоўваць у яго крохкасці”, - напісаў Папа, жадаючы ўдзельнікам сустрэчы ў Сараеве плённай працы.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 ліпеня 2018, 14:56