Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік перадаў грашовую дапамогу еменскім бежанцам

Францішак прызначыў грашовую дапамогу бежанцам, якія знайшлі часовы прыстанак у Паўднёвай Карэі. Гаворка ідзе пра выхадцаў з Емена, якія ўжо некалькі тыдняў жывуць на карэйскім востраве Чэджуда.

Апостальскі нунцый у краіне, арцыбіскуп Альфрэд Шуэрэб перадаў 10 тыс. еўра біскупу Пітэру Кан У-іль, на тэрыторыі чыёй дыяцэзіі знаходзяцца ўцекачы. Ватыканскі дыпламат наведаў востраў, каб засведчыць салідарнасць Пантыфіка з мясцовым пастырам, які заклікае ўлады і жыхароў прадэманстраваць зразуменне і дабрыню ў адносінах да гэтых людзей, згодна з вучэннем і дакументамі Папы, які акрэсліў падыход да мігрантаў у чатырох дзеясловах: прымаць, абараняць, заахвочваць і інтэграваць.

Арцыбіскуп Шуэрэб сустрэўся таксама з 527 еменскімі ўцекачамі і ўзначаліў св. Імшу ў мясцовай катэдры.

Выхадцы з Емену, дзе працягваецца канфлікт, апынуліся ў Паўднёвай Карэі з дапамогай праграмы, якая дазваляе замежнікам заставацца на востраве без візы на тэрмін да трох месяцаў. Іх раптоўны прыезд, аднак, выклікаў спрэчкі і пратэсты ў мясцовых жыхароў.

Перад тым як пакінуць востраў, Апостальскі нунцый наведаў Парк Міру 3 красавіка, для прыватнай малітвы. Гэта месца было створана ў памяць аб загінулых у выніку сутыкненняў паміж урадавымі сіламі і жыхарамі востраву, якія выступілі супраць планаў стварэння на поўдні ўласнага ўрада. У выніку войскамі былі забітыя ад 25 да 30 тыс. чалавек – каля 10% насельніцтва Чэджуда.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 ліпеня 2018, 15:42