Cerca

Vatican News
Папская старонка ў Twitter з анонсам падарожжа на Сіцылію Папская старонка ў Twitter з анонсам падарожжа на Сіцылію 

Францішак заклікаў да малітвы за ахвяр мафіі

“Памолімся за ўсіх ахвяр мафіі, просячы сілу ісці наперад і працягваць барацьбу з карупцыяй”, - заклікаў Францішак 19 ліпеня 2018 г. праз свой акаўнт у “Twitter”.

З'явы карупцыі і мафіёзнай дзейнасці вельмі хвалююць Святога Айца. Ужо не раз у сваіх прамовах і казаннях ён уздымаў гэтыя праблемы, выкрываючы іх згубную прыроду.

“Карумпаваная асоба робіць выгляд, нібы з’яўляецца паважанай, аднак у глыбіні яе сэрца адбываецца маральнае разлажэнне (...) Хрысціянін не можа жыць з смерцю ў душы, не можа быць прычынаю смерці”, - перасцерагаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі 28 сакавіка 2018 г.

Яшчэ раней, 23 студзеня 2017 г., прымаючы на аўдыенцыі супрацоўнікаў італьянскага Нацыянальнага ўпраўлення па барацьбе з мафіяй і тэрарызмам, Францішак заўважыў, што “мафіёзная культура” цалкам супрацьлеглая веры і Евангеллю і з’яўляецца праявай “культуры смерці”, “сацыяльнай ранай” і “глабальным выклікам”, на які міжнародная супольнасць павінна з рашучасцю адказаць.

На заганнасць карупцыйных злачынстваў Святы Айцец праліў святло ў прадмове да кнігі “Карозія” (Corrosione) кардынала Пітэра Тарксана, прэфекта Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, якая выйшла ў свет 15 чэрвеня 2017 г.

Папа напісаў, што карумпаванае сэрца дае пачатак “эксплуатацыі людзей, дэградацыі, сацыяльнай несправядлівасці, адсутнасці належных паслуг. Такое сапсутае сэрца знаходзіцца ля вытокаў рабства, недагледжанасці гарадоў і супольных дабротаў, занядбання навакольнага асяроддзя”.

Больш таго, ён падкрэсліў, што карумпаванасць можа прысутнічаць у Касцёле ў выглядзе прывязанасці да “марнай духоўнасці”, “астылай веры, крывадушнасці, трыумфалізму”.

“Прыкладам да наследавання” ў барацьбе з мафіёзным менталітэтам Францішак лічыць бл. Піна Пулізі, італьянскага святара, які працаваў на Сіцыліі і за сваю евангелізацыйную дзейнасць быў забіты 15 верасня 1993 г. членамі мясцовых мафіёзных груповак. Менавіта 25-годдзе з дня смерці благаслаўлёнага стала нагодай для візіту Пантыфіка на Сіцылію 15 верасня 2018 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 ліпеня 2018, 15:05