Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа да сем’яў: Бог кліча нас на пошукі Яго “марнатраўных сыноў”

Касцёл асуджае грэх, але прымае грэшніка і вядзе яго да крыніцы “бясконцай міласэрнасці Бога”, адзначыў Папа ў звароце да ўдзельнікаў XII сустрэчы “Équipes Notre-Dame”.

Форум свецкіх вернікаў з удзелам амаль тысячы каталіцкіх сужэнцаў з усяго свету праходзіць з 16 па 21 ліпеня 2018 г. у партугальскім горадзе Фаціма. Праграма сёлетняй сустрэчы сканцэнтравана вакол тэмы “Сын марнатраўны”.

Натхнёны гэтым вобразам, Пантыфік у сваім пасланні да ўдзельнікаў сустрэчы заклікаў кожнага “пазнаць сябе ў гэтым згубленым сыне, што вяртаецца да Айца, Які не стамляецца абдымаць яго і вяртае яму яго сыноўскую веліч”.

“Кранутыя такой вялікай добразычлівасцю, дазвольце вашым сэрцам вызнаць: гэта праўда, Пане! Я грэшнік, грэшніца; такім я сябе адчуваю і такім з’яўляюся. Я згубіўся. У тысячу спосабаў уцякаў ад Тваёй любові, але я зноў тут, каб аднавіць саюз з Табою. Ты мне патрэбны. Вызвалі мяне зноў. Прымі мяне яшчэ раз у Свае збаўчыя абдымкі”, - напісаў Святы Айцец.

Паводле Папы, “ніхто не выключаны ні з Айцоўскай любові, ні з Яго міласэрнасці”, “ніхто не страчаны навекі; ёсць толькі асобы, якія павінны быць нанова адшуканы, і Езус штурхае нас выходзіць, каб іх шукаць”. Толькі адказваючы на гэтае пакліканне, варта памятаць, што Пана трэба шукаць там, “дзе Ён хоча нас сустрэць, а не там, дзе мы хочам Яго знайсці”, параіў Пантыфік.

Праграма сустрэчы ў Фаціме прадугледжвае тэматычныя разважанні, сумесную малітву, Эўхарыстыю і сведчанні. Штодзённыя духоўныя практыкаванні для ўдзельнікаў форуму праводзіць партугальскі арцыбіскуп Жазэ Таленціна Мэндонса, нядаўна прызначаны Бібліятэкар і Архіварыус Святога Рымскага Касцёла. Менавіта ён праводзіў сёлетнія велікапосныя духоўныя практыкаванні для Святога Айца і высокіх іерархаў Рымскай курыі.

18 ліпеня 2018 г. да працы форуму далучыўся кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Ён звярнуўся да ўдзельнікаў з прамовай, у якой падкрэсліў цесную сувязь, якая існуе паміж культурай разважлівага і адказнага сямейнага жыцця і клопатам пра навакольнае асяроддзе.

Пурпурат выказаў перакананне, што сем’і могуць увасабляць “праграму чалавечай годнасці” і “маральнасці” і быць прыкладам для ўсёй чалавечай сям’і, пакліканай насяляць і ахоўваць свой агульны дом.

Міжнародны рух сужэнскай духоўнасці “Équipes Notre-Dame” (Супольнасць Маці Божай) быў зацверджаны ў Францыі ў 1947 г. Яго галоўная мэта – дапамагаць хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамэнт шлюбу. Сёння ён прысутны на пяці кантынентах, у 95 краінах, і налічвае больш за 13,5 тыс. удзельнікаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 ліпеня 2018, 13:17