Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак абвясціў малітоўную інтэнцыю на ліпень

Святы Айцец заклікае вернікаў і ўсіх людзей добрай волі прысвяціць ліпень асаблівай малітве за святароў у іх душпастырскім служэнні.

Сваю малітоўную інтэнцыю на бягучы месяц Францішак паведамляе і тлумачыць у адмысловым відэароліку, які Ватыканскі тэлецэнтр распаўсюдзіў 3 ліпеня 2018 г. праз свой канал у “YouTube”.

Асновай для відэапаслання паслужылі вытрымкі з былых гамілій Пантыфіка, у якіх ён разважае адносна святарства.

“[Святары, з іх добрымі якасцямі і недахопамі, выконваюць служэнне ў розных сферах]”

, – гэтымі словамі Папы з яго гаміліі падчас св. Імшы Хрызмы ў Вялікі Чацвер 2 красавіка 2015 г., якая адбылася ў базыліцы св. Пятра, распачынаецца відэазварот.

Затым узгадваецца гамілія Папы падчас Эўхарыстыі ў Ватыкане 3 чэрвеня 2016 г., ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, з удзелам каля 6 тыс. святароў, якія прыбылі з усяго свету ў Рым у рамках так званага “юбілею святароў” у Надзвычайны Юбілейны Год Міласэрнасці.Тады Францішак падкрэсліў, што нават пасля расчаравання “перад такімі шматлікімі адкрытымі франтамі дзейнасці” святары “не могуць спыняцца”.

“[У такія моманты карысна нагадваць сабе, што народ любіць сваіх пастыраў, мае ў іх патрэбу і спадзяецца на іх]”

, – узгадваецца парада Пантыфіка прадстаўнікам духавенства падчас літургіі 21 красавіка 2013 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра, у ходзе якой ён удзяліў святарскія пасвячэнні 10 навучэнцам рымскіх семінарый.

Завяршаецца відэаролік заклікам Францішка маліцца, “каб святары, якія перажываюць сваё душпастырскае служэнне з цяжкасцю і ў самоце, праз сяброўства з Панам і братамі адчувалі дапамогу і суцяшэнне”.

Ілюстрацыйны відэаролік з папскай інтэнцыяй
Навіна ў фармаце аўдыё
03 ліпеня 2018, 16:00