Бары: Папа і Патрыярхі запалілі “зніч адзінства” Касцёла
Каля восьмай гадзіны раніцы 7 ліпеня 2018 г. Папа прыбыў на верталёце ў Бары. Пасля цырымоніі прывітання з удзелам касцёльных і палітычных ўладаў горада Францішак накіраваўся ў базыліку св. Мікалая, дзе яго ўжо чакалі запрошаныя на сустрэчу лідары Цэркваў Усходу.
Разам яны ўвайшлі ў крыпту святыні для ўшанавання рэліквій св. Мікалая, які жыў на мяжы III-IV стст. і з’яўляецца для сучаснікаў напамінам пра часы, калі на Захадзе і Усходзе вызнавалася адзіная хрысціянская вера. Сёння рэліквіі святога Мікалая ўшановаюцца як католікамі, так і праваслаўнымі.
Пасля кароткай сумеснай малітвы Францішак разам з Патрыярхамі запалілі “зніч адзінства” – адмысловую лампаду, якая змешчана ў крыпце як сімвал адзінага Касцёла. Упершыню яна была запалена ў 1936 г. папам Піем XI.
З такога сімвалічнага жэсту распачалася праграма экуменічнай малітоўнай сустрэчы ў Бары, наступным этапам якой стала ўрачыстая малітва Францішка і лідараў Усходніх Цэркваў аб міры ў блізкаўсходнім рэгіёне на набярэжнай Бары.