Бэта версія

Cerca

Vatican News
Лагатыпы візіту Папы ў Літву, Латвію і Эстонію Лагатыпы візіту Папы ў Літву, Латвію і Эстонію 

Апублікавана праграма візіту Папы ў краіны Балтыі

5 ліпеня 2018 г. Зала Друку апублікавала афіцыйную праграму Апостальскага падарожжа папы Францішка ў краіны Балтыі. Візіт Святога Айца ў Літву, Латвію і Эстонію запланаваны на 22-25 верасня 2018 г.

Раніцай 22 верасня 2018 г. самалёт італьянскай авіякампаніі “Alitalia” са Святым Айцом на борце вылеціць з Рыма ў напрамку літоўскай сталіцы і ўжо каля 11.30 прызямліцца ў міжнародным аэрапорце Вільнюса. Там адбудзецца ўрачыстая цырымонія прывітання Пантыфіка, адразу пасля якой Папа адправіцца ў Прэзідэнцкі палац, дзе сустрэнецца з кіраўніком Літвы і прадстаўнікамі органаў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.

У другой палове дня Францішак наведае вільнюскі санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай, дзе памоліцца перад цудатворным марыйным абразом і сустрэнецца з моладдзю на плошчы перад святыняй.

Раніцай наступнага дня, 23 верасня 2018 г., Папа накіруецца ў Каўнас, дзе ў мясцовым парку “Santakos” узначаліць нядзельную св. Імшу, якая завяршыцца сумеснай малітвай “Анёл Панскі”.

На другую палову дня запланавана сустрэча Францішка з святарамі, законнікамі і законніцамі, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі ў катэдральным саборы Каўнаса.

Пасля гэтага Святы Айцец вернецца ў Вільнюс, дзе завяршыць афіцыйную праграму літоўскага этапу падарожжа наведваннем Музея акупацыі і барацьбы за свабоду і кароткай малітвай за ўсіх ахвяр вайны.

24 верасня 2018 г. Святы Айцец вылеціць у Латвію. Каля паловы дзявятай раніцы самалёт з Пантыфікам прызямліцца ў міжнародным аэрапорце Рыгі.

Пасля цырымонія прывітання Францішак адправіцца ў Прэзідэнцкі палац для сустрэчы з латышскім лідарам і іншымі прадстаўнікамі палітычнай улады, з членамі грамадзянскай супольнасці і дыпкорпуса.

Затым запланавана цырымонія ўскладання вянкоў да Помніка Свабоды – манумента ў памяць аб загінулых змагарах за незалежнасць Латвіі.

Далейшая праграма прадугледжвае экуменічную сустрэчу Францішка ў рыжскім Домскім кафедральным саборы, а пасля яе – візіт Святога Айца ў сабор св. Якуба.

Пасля абеду Францішак на верталёце накіруецца ў санктуарый Маці Божай Аглонскай. Там ён узначаліць Эўхарыстыю, падчас якой прамовіць казанне да вернікаў. Пасля св. Імшы Папа вернецца ў Рыгу, а адтуль на самалёце – у Вільнюс.

25 верасня 2018 г. каля 10.00 Францішак прыбудзе ў Талін. Пасля традыцыйнага прывітання ён правядзе сустрэчу з Прэзідэнтам Эстоніі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і дыпкорпуса ў Прэзідэнцкім палацы.

Акрамя таго, праграма візіту Папы ў Эстонію прадугледжвае экуменічную сустрэчу з моладдзю ў лютэранскай царкве св. Карла, сустрэчу з супрацоўнікамі каталіцкіх дабрачынных арганізацый у катэдральным касцёле свв. Пятра і Паўла.

Затым Францішак узначаліць св. Імшу на плошчы Свабоды Таліна, пасля якой развітаецца з эстонскімі вернікамі і накіруецца ў аэрапорт, адкуль каля сёмай гадзіны вечара вылеціць у Рым. У 21.20 самалёт з Пантыфікам на борце прызямліцца ў рымскім аэрапорце “Ciampino”.

Візіт у балтыйскія краіны стане для Францішка ўжо 23-м падарожжам за межы Італіі.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 ліпеня 2018, 16:32